У імкненні атрымаць шэнген беларусы спрабуюць розныя спосабы. Адзін з лайфхакаў — паехаць у Расію. Аказваецца, існуюць спецыяльныя аўтобусныя туры для гэтага. Пра плюсы і мінусы лайфхаку «Люстэрку» расказала візавая экспертка і рэдактарка рэсурсу visaflow.live Анастасія Лысакоўская.
Са словаў Анастасіі Лысакоўскай, ездзіць у Расію, каб падацца на іспанскі шэнген, беларусы пачалі ў 2022 годзе. Адбылося гэта пасля таго, як Чэхія, Літва і Латвія перасталі прымаць ад нашых грамадзян заявы на турыстычныя візы.
— Іспанія тады такую магчымасць захавала, але зрабіць гэта можна было толькі ў Расіі, — расказвае суразмоўніца. — Гэтая сітуацыя выклікала попыт на візавыя паездкі, якія неўзабаве аформіліся ў арганізаваныя аўтобусныя туры. Цяпер такія паслугі прапануюць некаторыя турагенцтвы. У асноўным яны мінскія. Не скажу, што многія выкарыстоўваюць гэтую функцыю, але ахвотныя ёсць. Асабліва цяпер, калі опцый атрымання візы ўсё менш.
У чым перавага ў атрыманні візы такім спосабам? Экспертка кажа, што ў Маскве прасцей запісацца.
— Паводле маіх назіранняў, у візавым цэнтры Масквы даты на запіс вісяць даўжэй, чым у Мінску, а значыць, злавіць месца прасцей. Некаторыя гэта робяць самі, хтосьці плаціць і просіць агенцтва іх зарэгістраваць, — тлумачыць кансультантка. — Пры гэтым тэрміны разгляду дакументаў пры падачы ў Беларусі і ў Расіі прыкладна аднолькавыя — каля чатырох тыдняў. Усё залежыць ад загружанасці консульстваў.
Адзінае, калі чалавек афармляе дакументы праз цэнтр у Мінску, супрацоўнікі ўстановы самі перадаюць пашпарт заяўніка ў Маскву. Гэта таксама патрабуе нейкага часу.
Паездка групай на аўтобусе звычайна займае адзін-два дні, кажа Анастасія. Гэта выключна дзелавая паездка, кажа яна, ніякія экскурсіі на маршруце не прадугледжаныя.
— Кошт тураў вагаецца ад 350 да 600 рублёў, — тлумачыць суразмоўніца. — Гэта ўключае запіс на падачу, падрыхтоўку пакета дакументаў, праезд да візавага цэнтра ў Маскве і вяртанне ў Беларусь.
Другі раз ехаць у Расію па пашпарт неабавязкова. Яго могуць вярнуць кур’ерам. Праўда, за гэтую паслугу давядзецца дадаткова заплаціць.
— Пасля падачы на візу чалавек застаецца без пасведчання асобы. Хтосьці чакае разгляду ў Маскве, хтосьці вяртаецца дадому. І хоць я не чула пра сітуацыі, каб у людзей праз адсутнасць дакументаў былі непрыемнасці, рабіць так не варта. Гэта няправільна, — падкрэслівае Лысакоўская. — Таму такі спосаб падачы я б рэкамендавала толькі тым, у каго ёсць два біяметрычныя пашпарты. У гэтым выпадку адзін можна аддаць у амбасаду, а па другім вяртацца ці чакаць з ім у Расіі.
Паводле назіранняў эксперткі, іспанскія консульствы звычайна ставяць шматразовыя візы на адзін-тры месяцы. У рэдкім выпадку — на паўгода.
— Працэнт адмоваў адносна невысокі, — сцвярджае Анастасія. — Хоць, калі ў заяўніка кепская візавая гісторыя, напрыклад, ёсць адмовы ў консульстве Грэцыі ці недастаткова доказаў яго фінансавага дабрабыту, шанцы нічога не атрымаць павялічваюцца.
Чытайце таксама