У вёсцы Цыкуны Гомельскага раёна чыноўнікі сустрэліся з дачнікамі і мясцовымі жыхарамі, якія пратэставалі супраць арэнды мясцовай сажалкі пад платную рыбалку. Людзям заявілі, што ўгода цалкам законная, і ў сваю чаргу прыгразілі штрафамі за сметнікі ў неналежным месцы, паведамляе «Маяк».
Намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел Новікаў сцвярджае, што арандатары вадаёма — ТАА «ГрынПлейс» — не парушалі прыродаахоўнага заканадаўства:
— Дакументальна пацверджана, што гэтая мясцовасць уяўляе сабой тарфяныя паклады (частка іх даўно выпрацаваная), якія распасціраюцца да Міхалькоў. Вадаём ля вёскі Цыкуны — штучнага паходжання, узнік на месцы былых распрацовак і профільным міністэрствам унесены ў пералік вадаёмаў для здавання ў арэнду.
У сваю чаргу чыноўнік папракнуў дачнікаў і мясцовых жыхароў за пастаянныя кучы бытавога смецця, хоць у іх ёсць магчымасць замовіць транспарт і вывезці ўсе адкіды:
— За выкід смецця ў неналежным месцы парушальнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля ўсталявання фотапастак, думаю, такіх негатыўных фактаў стане менш.
Прысутным таксама заявілі, што зямельны ўчастак плошчай 70 гектараў і вадаём у Цыкунах перададзеныя ў арэнду на законных падставах да 2036 года.
Многія людзі выказалі незадаволенасць праз тое, што пасля перадачы сажалкі ў арэнду яны больш не могуць там купацца. Аднак у ТРВАД патлумачылі, што пляжу тут і не мусіць быць — абсталяванне месцаў купання ў абводненых кар’ерах і сажалках-капанях забароненае.
Суарандатар вадаёма Віктар Крот паабяцаў, што бераг вадаёма, дзе прывыклі адпачываць мясцовыя і дачнікі, прывядуць у парадак, а для рыбакоў паставяць масткі з альтанкамі на выпадак непагадзі.
— Мясцовыя жыхары і дачнікі могуць лавіць рыбу з берага бясплатна, але калі скарыстаюцца створанымі ўмовамі лоўлі з воднай роўнядзі, то заплацяць палову цаны, — сказаў ён. Аднак частка людзей усё роўна засталася незадаволеная.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў лістападзе 2021 года жыхары вёскі Цыкуны і ўладальнікі шматлікіх дачных участкаў даведаліся, што мясцовую сажалку плануюць прыстасаваць для аказання платных паслуг «рэкрэацыйнага рыбаводства».
Праект, вынесены на грамадскае абмеркаванне, прадугледжваў пабудову на беразе возера комплексу будынкаў і збудаванняў для «аказання паслуг з мэтай рэкрэацыйнага рыбаводства». З трох бакоў вадаёма меркавалася размясціць дзевяць двухпакаёвых дамкоў і адзін «Дом рыбака» з вялікай гасцёўняй. Таксама праект прадугледжваў саўну і адміністрацыйны корпус.
Падчас грамадскага абмеркавання стала вядома, што прадпрымальнікі з ТАА «ГрынПлейс» ужо атрымалі ўхвалу ад мясцовых уладаў і зарыбілі вадаём, а мясцовым жыхарам прапанавалі 80-працэнтную зніжку на свае паслугі.
Жыхары выказаліся рэзка супраць рэалізацыі праекта. Фактычна яны трацілі месца адпачынку на беразе вадаёма, што было асабліва адчувальна ў летні перыяд. З 345 зваротаў грамадзян, скіраваных у Гомельскі райвыканкам, 343 былі супраць рэалізацыі праекта. Людзі нават выходзілі на пратэст, за імі назірала міліцыя.
Акрамя таго, 42 чалавекі былі аштрафаваныя нібыта за купанне ў не абсталяваным для гэтага месцы.