У сацсетках і мэсэнджарах цяпер распаўсюджваюцца запрашэнні падпрацаваць у Мінску. Прычым абяцаюць штодзённыя выплаты. Аднак згаджацца не варта, перасцераглі спецыялісты Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
У такіх абвестках звычайна даюць нумар тэлефона і імя рэкруцёра, але што за арганізацыя запрашае на працу, не гавораць. Абяцанага заробку таксама не выплачваюць.
«За апошні месяц у МГУ ДДІП звярнулася некалькі чалавек, якія адгукнуліся на такія абвесткі. Ні з кім з іх не былі аформленыя працоўныя адносіны. Праўдай у абвестцы была толькі прапанова працы, а не выплаты заробку», — растлумачылі ў дэпартаменце.
У ведамстве заклікалі беларусаў не згаджацца на такія падпрацоўкі.
Тым часам наймальнікам нагадалі, што браць на працу людзей без заключэння працоўных адносін — гэта парушэнне, якое цягне адміністрацыйную адказнасць з накладаннем штрафных санкцый. А калі работніку будзе нанесеная шкода, працадаўцу пакараюць па крымінальным артыкуле.