У Гомелі агучылі прысуд палітзняволенай Таццяне Курылінай, якую абвінавачвалі адразу па некалькіх крымінальных артыкулах. Пра гэта паведаміла «Гомельская вясна».
49-гадовую Курыліну прызналі вінаватай па 12 «пратэсных» артыкулах КК, сярод якіх абвінавачанні ў закліку да санкцый (арт. 361), распальванні варожасці (арт. 130) і паклёп на Лукашэнку (арт. 367). Ёй прызначылі 4 гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Акрамя таго, абвінавачаную абавязалі выплаціць 100 базавых велічыняў (3700 рублёў) штрафу, а таксама буйныя кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Як пісала «Наша Ніва», Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года сілавікі ўзламалі некалькі чатаў «97%», а ў лютым Курыліна з’явілася на дзяржтэлебачанні ў прапагандысцкім сюжэце. Аказалася, што яна ўжо ў Беларусі.
У эфіры жанчына казала, што ўдзел у чатах не мае сэнсу, што яны кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра кантакты з BYPOL, расказвала нюансы сваёй працы. Паводле версіі прапагандыстаў дзяржСМІ, яна перагледзела свае погляды і вырашыла вярнуцца з-за мяжы, каб «загладзіць віну» добраахвотным прызнаннем.
Аднак, як расказалі ў BYPOL, насамрэч Курыліну выбавілі на радзіму беларускія спецслужбы. Нібыта яе папрасіў вярнуцца малады чалавек, які абяцаў «вырашыць усе пытанні», аднак гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.