У Мінск зноў вярнулася зіма. У сувязі з ускладненнем умоваў надвор’я ДАІ ўвяла ў сталіцы план «Надвор'е».
Як паведамілі «Люстэрку» чытачы, з самай раніцы ў Мінску назіраецца праблема з грамадскім транспартам. Да прыкладу, у раёне станцыі метро «Магілёўская» ён зусім перастаў хадзіць.
У «Мінсктрансе» папярэдзілі, што ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я магчымыя адхіленні ад усталяванага раскладу руху пасажырскага транспарту. Там таксама адзначылі, што перабоі з грамадскім транспартам назіраліся на вуліцах Ангарскай, Славінскага, Чычурына, Матусевіча, Будзёнага, Ясеніна і Рафіева.
Паводле інфармацыі сэрвісу «Яндэкс.Карты», у Мінску ў 08.45 адзначаюцца 7-бальныя заторы. Асабліва абцяжараны рух у цэнтры сталіцы і на некаторых участках МКАД.
ДАІ Мінска ў сувязі з ускладненнем умоваў надвор’я ўвяла план «Надвор'е».
Нагадаем, напярэдадні сіноптыкі абвясцілі на 28 сакавіка аранжавы ўзровень небяспекі. Паведамлялася, што ў многіх раёнах рэспублікі пройдуць моцныя ападкі (снег, мокры снег, дождж).