У Гродне спецпадраздзяленне КДБ застрэліла замежніка. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
Як расказалі ў КДБ, «падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асобаў, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 года ў Гродне на вул. Курчатава ліквідаваны замежны грамадзянін Л. Названая асоба з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброены супраціў байцам спецпадраздзялення КДБ, група „А“».
Першым пра страляніну паведаміў тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь». Паводле інфармацыі чытача, у Гродне на вуліцах Курчатава і Урублеўскага 19 сакавіка былі чутныя выбухі ці стрэлы. Паводле інфармацыі канала, сілавікі загрузілі ў машыну чалавека.
Потым тэлеграм-канал «Суды и задержания. Гродно и область» атрымаў інфармацыю ад відавочцаў, што «проста цяпер» — нататка з’явілася ў 14.14 — у Гродне па адрасе Курчатава, 5 (другі пад’езд) адбываюцца затрыманні. Заўважаныя каля 10 супрацоўнікаў міліцыі і бус. Затрыманню папярэднічалі «выбухі ці стрэлы».