Учора раніцай, 26 лютага, у ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле інфармацыі BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан супраць расійскага ваеннага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які браў удзел у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны і «лётаць ужо не зможа». Паспяховая атака дронам дарагога і вельмі каштоўнага для расійскіх ВПС самалёта на ахоўванай беларускай ваенна-паветранай базе — гэта вельмі няпростая задача. І вось чаму.
У 2020 годзе беларускае ААТ «КБ Радар» стварыла і наладзіла серыйную вытворчасць комплексу процідзеяння мультыкоптарам «Навальніца-Z1» («Гроза-Z1»). Гэтая прылада, калі меркаваць па заяўленых характарыстыках, мусіла калі не на 100% перадухіліць, то вельмі моцна мінімізаваць рызыкі для важных аб’ектаў — такіх, як авіябаза ў Мачулішчах.
Па прынцыпе дзеяння «Навальніца-Z1» падобная да шырока вядомых антыдронавых стрэльбаў — ручных комплексаў па барацьбе з БПЛА. З дапамогай такой прылады можна заглушыць каналы прыёму-перадачы сувязі коптара з пультам аператара. Па сутнасці гэта партатыўны генератар магутных радыёперашкод вузкаскіраванага дзеяння. Для таго каб абясшкодзіць БПЛА з яго дапамогай, стрэльбу трэба навесці на лётны апарат. Пасля таго як перашкоды «абарвуць» сувязь паміж ім і аператарам, дрон будзе дзейнічаць у адпаведнасці з алгарытмам, закладзеным у яго вытворцам, — напрыклад, мякка апусціцца вертыкальна ўніз, зваліцца, завісне ў паветры, пакуль не скончыцца зарад батарэі, або вернецца ў пункт старту. Так ці інакш ён будзе выведзены з ладу.
Партатыўныя генератары перашкод вузкаскіраванага дзеяння шырока выкарыстоўваюцца абодвума бакамі расійска-ўкраінскай вайны. Антыдронавыя стрэльбы сталі адным са складнікаў заходняй ваенна-тэхнічнай дапамогі Украіне — у прыватнасці, 110 такіх прылад закупілі на грошы, сабраныя жыхарамі Літвы. Як працуюць такія прылады, можна ўбачыць на відэа ніжэй.
Беларускія сілавікі таксама маюць на ўзбраенні такія прылады. У прыватнасці, айчынная распрацоўка «Навальніца-Р2» выкарыстоўвалася для барацьбы супраць цывільных дронаў падчас здушэння мірных пратэстаў у лістападзе 2020 года — разам з дубінкамі.
«Навальніца-Z1» — гэта таксама генератар перашкод, але яго сектар дзеяння не абмежаваны вузкаскіраваным прамянём. Як заяўляе вытворца, «Навальніца-Z1» глушыць радыёсігналы прымача БПЛА і пункта наземнага кіравання ім на адлегласці да 1,5 кіламетра — прычым ва ўсе бакі ад сябе. На сайце Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта сцвярджаецца, што эфектыўнае ўздзеянне на мульцікоптар (так там называюць камерцыйныя дроны) з блакаваннем яго кіравання ажыццяўляецца на вышынях да кіламетра. Такім чынам, «Навальніца-Z1» у выпадку неабходнасці стварае «купал» радыёперашкод вакол ахоўванага аб’екта радыусам у 1,5 км і вышынёй у кіламетр. Пры гэтым выяўляць беспілотнікі прылада здольная на адлегласці да 2 км. Акрамя таго, яна можа ствараць «беспалётную зону» радыусам да 10 км — на такой адлегласці «Навальніца-Z1» можа ставіць дэзінфармавальныя перашкоды, якія не выведуць дрон з ладу, але будуць замінаць кіраванню ім.
Нельга сказаць, што гэтая асаблівасць — бясспрэчная перавага прылады. Рэч у тым, што ў такім выпадку яна будзе глушыць сігналы ўсіх прылад унутры акрэсленай паўсферы — як чужых, так і сваіх. Менавіта таму ва ўмовах баявых дзеянняў украінскія вайскоўцы ахвотней выкарыстоўваюць менавіта антыдронавыя стрэльбы, якія дазваляюць выводзіць з ладу расійскія БПЛА і не замінаюць пры гэтым дзейнічаць сваім. А «Навальніца-Z1» больш падыходзіць для «суцэльнай» абароны аб’ектаў — напрыклад, будынкаў або суднаў — вакол якіх трэба стварыць «непранікальную» для любых БПЛА зону.
Акрамя таго, на ўзбраенні УС Беларусі ёсць магутнейшыя станцыі перашкод «Навальніца-6». Гэтыя ўстаноўкі прайшлі «баявое хрышчэнне» ў Лівіі, дзе з іх дапамогай знішчылі не менш за 11 БПЛА турэцкай вытворчасці. Выкарыстоўваліся яны і Азербайджанам супраць армянскіх беспілотнікаў падчас апошняй вайны ў Карабаху. Паводле неафіцыйных звестак, далёкасць дзеяння «Навальніцы-6» складае да 200 кіламетраў. Праўда, такіх машын ва Узброеных сілах Беларусі зусім няшмат — у 2021 годзе ў войскі паступілі ўсяго дзве. Сумнеўна, што яны выкарыстоўваліся для барацьбы з БПЛА ў Мачулішчах, размешчаных недалёка ад двухмільённага Мінска. Гэтыя машыны створаныя для ўдзелу ў высокаінтэнсіўных баявых дзеяннях.
Мы можам выказаць здагадку, што вайсковы аэрадром у Мачулішчах мае нейкую абарону ад дронаў, і, хутчэй за ўсё, гэта нейкая камбінацыя генератараў перашкод накшталт «Навальніцы-Z1» з яе «купалам» і антыдронавых стрэльбаў.
Калі інфармацыя BYPOL дакладная, то дроны ўсё ж здолелі пераадолець гэтую перашкоду. Гэта магло адбыцца ў трох выпадках: калі сістэма абароны ад БПЛА не працавала ў гэты момант (або калі яе зусім не было), калі яна не настолькі эфектыўная, як заяўляе вытворца, або калі дрон атакаваў з вышыні больш за кіламетр — то-бок вышэй за ахоўны «купал» «Навальніцы-Z1». Прычым апошняе падаецца найменш імаверным: гэта вельмі вялікая вышыня для камерцыйнага дрона. А імавернасць прыцэльнага трапляння выбуховай прыладай з такой вышыні з выкарыстаннем камерцыйнага БПЛА вельмі невялікая.
Чытайце таксама


