У Мінабароны Расіі сцвярджаюць, што падчас ракетнага ўдару па Украіне 16 лютага былі пашкоджаныя «прадпрыемствы, якія забяспечвалі УСУ палівам і боепрыпасамі». Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што ў шэрагі расійскіх узброеных сіл завабліваюць гастарбайтараў. У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны паведамілі, што заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын «працягвае падрываць давер да Мінабароны РФ», а брытанская разведка тлумачыць, чаму ў расійскіх падраздзяленняў высокія суадносіны забітых і параненых. Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 359-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: «Праціўнік заваблівае ў свае шэрагі гастарбайтараў»
За мінулыя суткі Расія ўдарыла 41 ракетай па тэрыторыі Украіны. Акрамя таго, праціўнік нанёс 24 авіяцыйныя ўдары і здзейсніў больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць параненыя і загінулыя сярод цывільнага насельніцтва, паведамляе Генштаб УСУ.
Асноўныя наступальныя намаганні расійская групоўка войскаў засяродзіла на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках.
«Каб папаўняць страты ў жывой сіле, праціўнік рознымі спосабамі заваблівае ў шэрагі расійскіх акупацыйных войскаў розныя катэгорыі грамадства, у прыватнасці так званых гастарбайтараў. Так, нядаўна нашым абаронцам, якія трымаюць абарону ў Валнавахскім раёне Данецкай вобласці, здаўся ў палон адзін з такіх работнікаў», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, у захопленым Мелітопалі Запарожскай вобласці запрацавала дадатковая вежа мабільнай сувязі, усталяванай Расіяй. З яе дапамогай спецслужбы маюць магчымасць праслухоўваць тэлефонныя размовы абанентаў GSM-аператараў.
За мінулыя суткі ўкраінскія падраздзяленні адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка і Сінькоўка Херсонскай вобласці; Стальмахоўка, Крамянная, Дзіброва і Белагораўка — Луганскай і Раздолаўка, Фёдараўка, Параскавіеўка, Бахмут, Іванаўскае, Паўночнае, Вадзяное, Мар'інка, Новаміхайлаўка і Вуглядар Данецкай абласцей.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расійская армія працягвае трымаць пэўныя падраздзяленні ў памежных з Украінай раёнах, аднак наступальных груповак не выяўлена.
У штабе падкрэслілі, што на палігонах Беларусі «працягваецца падрыхтоўка падраздзяленняў расійскіх войскаў».
За мінулыя суткі расійскім абстрэлам падвергліся раёны населеных пунктаў у Сумскай, Харкаўскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцях.
Украінская авіяцыя нанесла 13 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама адзін — па пазіцыі зенітна-ракетнага комплексу.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі чатыры раёны канцэнтрацыі жывой сілы расійскай арміі, артылерыйскае падраздзяленне на агнявой пазіцыі, дзве пазіцыі зенітна-ракетных комплексаў, склад боепрыпасаў, а таксама «яшчэ два іншыя важныя аб’екты».
Мінабароны РФ: «Усім прызначаным аб’ектам нанесенае паражэнне»
У Мінабароны РФ сцвярджаюць, што ракетны ўдар 16 лютага быў нанесены «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага і марскога базавання па прадпрыемствах, якія забяспечвалі ўзброеныя сілы Украіны палівам і боепрыпасамі». Адзначым, што, паводле звестак украінскіх СМІ, ракеты трапілі ў прыватны сектар і аб’екты крытычнай інфраструктуры краіны.
«Мэты удараў дасягнутыя. Усім прызначаным аб’ектам нанесенае паражэнне. У выніку ўдару парушанае забяспечанне груповак УСУ палівам, значна скарочаныя магчымасці вытворчасці на Украіне выбуховых рэчываў, порахаў і цвёрдага ракетнага паліва», — паведамілі ў расійскім ваенным ведамстве.
— На Купянскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў, агнём артылерыі, ударамі штурмавой і армейскай авіяцыі «Заходняй» групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Ліман Першы, Бераставое Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку групоўка войскаў «Цэнтр» у раёнах населеных пунктаў Церны Данецкай вобласці, Стальмахоўка, Неўскае і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці нанесла агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ.
— На Данецкім напрамку падчас наступальных дзеянняў і агню артылерыі «Паўднёвай» групоўкі войскаў за суткі знішчаныя да 200 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама дзве гаўбіцы Д-30 і адна Д-20.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках украінскія пазіцыі абстрэльвала расійская аператыўна-тактычная авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» у раёнах населеных пунктаў Вуглядар Данецкай вобласці, Альгоўскае і Магдалінаўка Запарожскай вобласці.
— Баі вяліся і на Херсонскім напрамку .
Акрамя таго, у Мінабароны РФ паведамілі пра знішчэнне верталёта Мі-8 Паветраных сіл Украіны і дзевяці беспілотнікаў у Луганскай і Данецкай абласцях.
Разведка Вялікабрытаніі: «Артылерыя хутчэй за ўсё стала прычынай большасці стратаў Расіі»
Мінабароны РФ і прыватныя ваенныя кампаніі (ПВК), імаверна, страцілі ад 175 да 200 тыс. чалавек з пачатку ўварвання ва Украіну. Сярод іх, імаверна, прыкладна 40−60 тыс. чалавек забітыя. Такія лічбы прыводзіць у сваёй штодзённай зводцы разведка Мінабароны Вялікабрытаніі.
Узровень стратаў у Расіі значна павялічыўся з верасня 2022 года, калі была ўведзеная «частковая мабілізацыя».
«Па сучасных мерках гэтыя лічбы ўяўляюць сабой высокія суадносіны забітых і параненых. Гэта амаль напэўна звязана з надзвычай прымітыўным медыцынскім забяспечаннем большай часткі ўзброеных сіл. Артылерыя (украінская. — Заўв. рэд.) хутчэй за ўсё стала прычынай большасці стратаў Расіі. Сілы ПВК Вагнера задзейнічалі вялікую колькасць зняволеных-навабранцаў. У іх, імаверна, узровень стратаў даходзіць да 50%», — паведамляе брытанская разведка.
Інстытут па вывучэнні вайны: «Крэмль можа нанесці яшчэ адну серыю ракетных удараў»
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 16 лютага сустрэўся з упаўнаважанай Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці Марыяй Львовай-Бяловай, пацвердзіўшы, што Крэмль непасрэдна ўдзельнічае ў дэпартацыі і ўсынаўленні ўкраінскіх дзяцей у расійскія сем'і, адзначаюць у Інстытуце па вывучэнні вайны. Падчас сустрэчы з Львовай-Бяловай Пуцін заявіў, што колькасць заяваў, пададзеных грамадзянамі Расіі на ўсынаўленне дзяцей з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, значна расце.
«Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што расійскія войскі імкнуцца захапіць Бахмут да першай гадавіны ўварвання ва Украіну, што запатрабуе значна больш высокіх тэмпаў наступу. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што расійскія войскі збіраюцца захапіць Бахмут да 24 лютага, каб адзначыць першую гадавіну ўварвання ва Украіну, і плануюць нанесці серыю масіраваных ракетных удараў да гэтай даты», — паведамілі ў ISW.
Заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын нядаўна заявіў, што ён чакае акружэння Бахмута да сакавіка або красавіка. Аналітыкі ISW сумняваюцца, што расійскія падраздзяленні змогуць дасягнуць пастаўленай мэты да названай даты. Пры гэтым эксперты адзначаюць, што УСУ заўсёды могуць вырашыць, што выдаткі, звязаныя з утрыманнем Бахмута, занадта высокія, і добраахвотна сысці з горада.
«Крэмль можа нанесці яшчэ адну серыю ракетных удараў па цывільных аб’ектах па ўсёй Украіне, каб адзначыць сімвалічную гадавіну, бо рэальны ваенны поспех працягвае выслізгваць ад расійскіх вайскоўцаў», — лічаць у ISW.
Эксперты таксама падкрэслілі, што расійскія сілы павялічваюць выкарыстанне авіяцыі ва Украіне. Газета Financial Times са спасылкай на звесткі разведкі краін — чальцоў NATO паведаміла 14 лютага, што Расія канцэнтруе самалёты і верталёты паблізу расійска-ўкраінскай мяжы. Журналісты выказалі здагадку, што расійскія знішчальнікі могуць падтрымаць наземны наступ.
Эксперты Інстытута таксама падкрэслілі, што заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын «працягвае ўпотай падрываць давер да Міністэрства абароны Расіі». 16 лютага яго артылерысты размясцілі ў сацыяльных сетках відэа, у якім заявілі, што падраздзяленні групы Вагнера не маюць боепрыпасаў і «адрэзаныя» ад паставак, намякаючы, што Мінабароны РФ сабатуе забяспечанне групы.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты ISW:
- 16 лютага расійскія войскі нанеслі чарговую серыю ракетных удараў па аб’ектах інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Украіны.
- Расія і Украіна абмяняліся ваеннапалоннымі па формуле 101 на 101.
- Расійскія войскі працягваюць наступ на паўночны захад ад Сватава і ў раёне Крамянной.
- Расійскія войскі працягваюць наступ у раёне Бахмута, на заходняй ускраіне Данецка і на захадзе Данецкай вобласці.
- Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы правялі разведку ўздоўж ракі Днепр у Херсонскай вобласці.
- Міністэрства абароны Расіі працягвае вербаваць зняволеных.
- Аляксандр Лукашэнка паўтарыў сваю даўнюю шаблонную рыторыку пра тое, што беларускія сілы нападуць на Украіну, калі Украіна ці Захад нападуць на Беларусь.