Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра ўвядзенне тарыфаў як мінімум у 10% практычна для ўсяго свету, аднак Расія і Беларусь у спіс не трапілі. Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт растлумачыла Axios чаму.
Паводле яе, Расія не ўвайшла ў спіс, бо амерыканскія санкцыі ўжо «выключаюць які-кольвек значны гандаль». Аднак ЗША па-ранейшаму гандлююць з Расіяй больш, чым з такімі краінамі, як Маўрыкій ці Брунэй, якія трапілі ў тарыфны спіс Трампа.
Нават аддаленыя астраўныя тэрыторыі, такія як Такелау (насельніцтва — 1500 чалавек) у паўднёвай частцы Ціхага акіяна і Шпіцберген (насельніцтва — 2500 чалавек) у Арктычным крузе — тэрыторыі Новай Зеландыі і Нарвегіі адпаведна — былі ўключаныя ў спіс для тарыфаў.
Лівіт таксама адзначыла, што Куба, Беларусь і Паўночная Карэя таксама не былі ўключаныя ў спіс, бо цяперашнія тарыфы і санкцыі супраць іх і так ужо высокія.
Дзве іншыя буйныя эканомікі, выключаныя з шырокага спісу Трампа, — гэта Канада і Мексіка. Лівіт расказала, што гэта звязана з тым, што прэзідэнт ЗША ўжо ўвёў тарыфы ў 25% для абедзвюх краін.
Аб’ём гандлю паміж ЗША і Расіяй знізіўся з прыкладна 35 мільярдаў даляраў у 2021 годзе да 3,5 мільярда даляраў летась праз санкцыі, уведзеныя ў адказ на ўварванне ва Украіну.
Расія папрасіла Трампа змякчыць некаторыя з гэтых санкцый у рамках пасярэдніцкіх перамоваў ЗША пра спыненне агню, якія ў значнай ступені зайшлі ў тупік.
Раней на гэтым тыдні Трамп прыгразіў Расіі другаснымі тарыфамі нафты. Ён таксама заявіў, што «раззлаваны» на расійскага лідара Уладзіміра Пуціна праз ягоныя нядаўнія заявы пра Украіну.
Лівіт падкрэсліла, што Расія ўсё яшчэ можа сутыкнуцца з «дадатковымі жорсткімі санкцыямі».