Філосаф Іван Ільін, якога прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваіх публічных выступах называў «вялікім» і «спраўдным патрыётам», — «ідэолаг нацызму», працы якога мусяць быць забароненыя, як і людзі, што прапагандуюць яго тэксты. Пра гэта расказаў у эфіры АНТ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк.
Пра Ільіна дэпутат выказаўся ў «фільме-расследаванні» пра карані цікавасці беларускіх падлеткаў да ідэалогіі нацызму. Ігар Марзалюк падкрэсліў, што неанацысты — паслядоўнікі старых ідэалогій гітлерызму і фашызму.
— Нянавісць тая самая, канцэпты тыя самыя. <…> Абгорткі трошкі змяняюцца, ідэалогія тая самая. Іншая рэч, што неанацысты камуфлююць свае погляды. У свой час, калі гітлерызм, як і фашызм Беніта Мусаліні, пацярпелі крах, то асобныя, у тым ліку рускія, ідэолагі нацызму, у тым ліку філосаф Ільін, заявілі, што не трэба выкарыстоўваць слова «фашызм». Займацца тым самым, але не выкарыстоўваць гэтых словаў. Па-іншаму называць партыі, па-іншаму называць ідэалогіі: «новыя правыя», яшчэ што-небудзь, а звярыны ашчэр той самы: апалогія вайны, апалогія нянавісці, апалогія нацызму і прынцыповае непрызнанне роўнасці ўсіх людзей. Вось гэта нацызм. Упэўненасць у тым, што дзеля нейкіх ідэй можна нейкую групу сегрэгаваць, знішчыць, сцерці з твару зямлі,-выказаўся Марзалюк.
Дэпутат падкрэсліў, што нацызм як ідэалогія мусіць быць забаронены.
— І любыя ідэалагемы, што прапагандуюць нацызм, як і людзі, што прапагандуюць тэксты [ідэолагаў нацызму], мусяць быць забароненыя і іх не мусіць быць у публічным дыскурсе, — адзначыў Ігар Марзалюк.
Пра ідэолага рускага фашызму Івана Ільіна, які адкрыта захапляўся Адольфам Гітлерам, «Люстэрка» расказвала амаль два гады таму. Падставай для публікацыі паслужыла прамова Уладзіміра Пуціна пасля падпісання дамовы пра ўключэнне захопленых украінскіх тэрыторый у склад Расіі. Той свой выступ расійскі лідар завяршыў цытатай Ільіна, якога назваў «сапраўдным рускім патрыётам».
Паводле падлікаў даследчыкаў, Пуцін цытаваў Ільіна ў сваіх выступах як мінімум шэсць разоў — у 2005, 2006, 2012, 2013, 2014 і 2022 гадах. Тройчы — у пасланнях Федэральнаму сходу, двойчы — перад вайсковай аўдыторыяй і адзін раз — на моладзевым форуме. Ільіна таксама цытавалі ці згадвалі экс-прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, іншыя расійскія чыноўнікі, патрыярх Кірыл.
У 2005-м прах Ільіна перапахавалі ў Расіі на могілках Данскога манастыра. Яго «суседзямі» сталі белы генерал Антон Дзянікін і пісьменнік Іван Шмялёў. Пазней побач з імі пахавалі і нобелеўскага лаўрэата Аляксандра Салжаніцына. У 2009-м Пуцін, тады прэм’ер (у паўзах паміж прэзідэнцкімі тэрмінамі), усклаў кветкі на іх магілы. Архімандрыту Ціхану, які спураваджаў яго, Пуцін прызнаўся, што часта перачытвае кнігу «Что сулит миру расчленение России». Паводле яго, у гэтай працы філосаф перасцерагаў, што «раздзяленне вялікай краіны немінуча прывядзе да катастрофы». Ільіна і трох іншых дзеячаў прэм’ер назваў «дзяржаўнікамі».
У 2006-м бібліятэку Ільіна з ініцыятывы Пуціна вярнулі ў Расію і перадалі ў МДУ. На адным з будынкаў гэтага ўніверсітэта ў гонар філосафа ўсталявалі мемарыяльную дошку, у Екацярынбургу — помнік. Цытаты і тэксты з твораў Ільіна шырока выкарыстоўваюцца як заданні для школьнага Адзінага дзяржаўнага экзамену (аналаг беларускага ЦТ). А сам расійскі прэзідэнт неаднаразова цытаваў Ільіна ў сваіх выступах.