Улічваючы маштаб рэпрэсій у Беларусі, напэўна, складана знайсці чалавека, у чыім асяроддзі не было б нікога, хто не пабываў у камеры ізалятара часовага ўтрымання або СІЗА. Паглядзелі, якое харчаванне і па якой цане закупляюць у месцы ўтрымання арыштаваных і асуджаных.
Менш чым восем рублёў на арыштанта
У пачатку снежня ўпраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта закупіла харчаванне для людзей, якія змяшчаюцца ў ІЧУ, на гэты месяц. Усяго замовілі 1417 сутачных порцый на агульную суму 11 050 рублёў. На харчаванне аднаго арыштанта будуць выдаткоўваць 7,8 рубля.
Пастаўшчыком выступіць прадпрыемства «Диета» — тая ж структура, што забяспечвае харчаваннем мясцовыя бальніцы.
Нагадаем, арыштаваныя на суткі пасля вызвалення кампенсуюць дзяржаве «выдаткі на ўтрыманне» ў памеры 0,5 базавай велічыні, то-бок 18,5 рубля на сёння. Атрымліваецца, што цяпер у Магілёўскай вобласці арыштанты плацяць амаль у 2,4 разу больш, чым дзяржава выдаткоўвае на харчаванне для іх.
Колькі выдаткоўваюць на прадукты для СІЗА і калоній
Для турмы № 8 у Жодзіне закупляюць амаль 2,2 тоны курынага мяса першага гатунку. Арыентаваны кошт заяўкі — 12 126 рублёў. Разам з дастаўкай атрымліваецца 5,52 рубля за кіло.
Для папраўчай калоніі № 15 у кастрычніку закупілі малочныя прадукты. За 500 кілаграмаў тварагу арыентаваны кошт быў пазначаны ў памеры 3250 рублёў. То-бок па 6,5 рубля за кіло. 1,52 тоны смятаны абышліся ў 6400 рублёў. Гэта 4,2 рубля за кіло. За літр малака плацілі 1,3 рубля, а ўсяго яго набылі 1,52 тоны.
Калі паглядзець цэны на тварог у краме, то часцей за ўсё ён каштуе даражэй. Напрыклад, ёсць варыянт за 7,7 рубля за кіло. Але ёсць і таннейшыя варыянты, напрыклад, за 3,8 рубля. Аднак у заяўцы не пазначаная тлустасць прадукту, якая таксама ўплывае на кошт.
Следчы ізалятар № 1 у Мінску набыў 10,5 тоны мясных кансерваў. Пастаўшчыком выступіць «Слонімскі мясакамбінат», якому заплацяць 168 340 рублёў. За кіло выходзіць 15,88 рубля. У рытэйлу кансервы гэтага вытворцы сустракаюцца па цане ад 13,09 рубля за кіло.
Як відаць, цана аптовай закупкі часам блізкая да цаны прадукту ў крамах. Між тым людзі, якія выходзілі з СІЗА і калоній, нярэдка ацэньвалі якасць харчавання як даволі нізкую.
— Напэўна, ежа была каларыйнай, набіць пуза атрымлівалася. Але жудасна бракавала зеляніны і гародніны, іх не было наогул. Гэта было проста пекла. Я марыла хаця б пра пятрушку з кропам, глядзела на любую зялёную расліну, і проста цяклі слінкі. Але ўсё гэта можна было атрымаць толькі ў перадачах, — расказвала адна з жанчын, што пабывалі ў СІЗА.
Чытайце таксама


