Беларусам трэба да канца 15 лістапада паспець выплаціць маёмасныя падаткі. Гэта зборы за першую кватэру, зямлю і транспарт. Калі не зрабіць гэтага, то можна трапіць на штраф. Расказваем, як можна аплаціць гэтыя падаткі, што рабіць, калі не прыйшла плацёжка, і што пагражае, калі «забыць» своечасова аплаціць выстаўленыя рахункі.
Як можна заплаціць падаткі
Заплаціць падаткі можна некалькімі спосабамі. Гэта можна зрабіць праз інтэрнэт-банкінг, інфакіёскі ў банках, а таксама на пошце ці ў аддзяленнях банкаў.
Калі аплачваць транспартны падатак праз АРІП, то трэба знайсці раздзел «Падаткі», пасля чаго выбраць вобласць, затым раён ці горад, далей — сваю падатковую. Пасля гэтага трэба знайсці раздзел «Транспартны падатак» і ўвесці свой УНП.
Уліковы нумар платніка можна знайсці на партале Міністэрства па падатках і зборах.
Каб аплаціць збор на нерухомасць праз АРІП, трэба выбраць раздзел «Падаткі», потым — патрэбны населены пункт, раздзел «Падатак на нерухомасць», пасля чаго ўвесці свой уліковы нумар платніка (выкарыстоўваючы вялікія лацінскія літары).
Што рабіць, калі не атрымалі рахунак на аплату
Тыя, хто не атрымаў паведамлення на выплату збору за першую кватэру, могуць патэлефанаваць спецыялістам сваёй інспекцыі МПЗ, якія кансультуюць па маёмасных падатках фізічных асоб. Нумары тэлефонаў можна паглядзець па спасылцы на сайце МПЗ.
Таксама можна паглядзець у АРІП, ці выстаўлены да аплаты падатак.
Што будзе, калі «забыць» аплаціць зборы
Падаткі, якія не заплацілі добраахвотна, спаганяюць праз суд. Пры гэтым налічваецца пеня за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі. За нявыплату ці няпоўную выплату накладаецца штраф у 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні (18,5 рубля).
Чытайце таксама