Беларускі Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), які доўгі час быў «раем для праграмістаў», хочуць «задушыць эканамічна», заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка на нарадзе па развіцці IT-галіны.
— Уce павінныя ствараць прадукт для патрэбаў нацыянальнай эканомікі і, вядома ж, на экспарт. Задача сур’ёзная. Але ў апошнія некалькі гадоў у нас задач лёгкіх і не бывае. У цяперашні момант наш ПВТ, які доўгі час аўтарытэтныя спецыялізаваныя выданні называлі «раем для праграмістаў» і «крамянёвай далінай Усходняй Еўропы», хочуць задушыць эканамічна, — заявіў Лукашэнка.
Ён заклікаў надаць «новы імпульс развіццю галіны, забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы працы» не толькі для рэзідэнтаў ПВТ, але і для ўсіх айчынных IT-кампаній.
— Мне ўнесеныя праекты прававых актаў аб развіцці ПВТ. Падыход нестандартны. Але ў гэтай сферы практычна заўсёды патрабуюцца крэатыўныя рашэнні, — сказаў палітык.
Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра другое дыханне і раней недаступныя гарызонты для парку і ўсёй беларускай IT-галіны.
— Трэба асвоіць новыя рынкі, замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі, — пазначыў арыенціры Лукашэнка.
На нараду па IT запрошаныя першы віцэ-прэм'ер і кіраўнік назіральнай рады ПВТ Мікалай Снапкоў і іншыя чыноўнікі, якія курыруюць гэтую сферу.
— Проста сёння дзесьці сядзець, прабачце за гэтае слова, пад плінтусам, адседзецца, не атрымаецца. Патрэбны вынік. Няма выніку — ніякія тлумачэнні, ніякія размовы не прымаюцца, — папярэдзіў Лукашэнка.
Нагадаем, у першыя два месяцы 2023 года ў беларускім IT працягваецца тэндэнцыя адтоку спецыялістаў, якая назіралася амаль увесь 2022-ы. За студзень і люты, паводлеафіцыйнай статыстыкі, з кампаній сектара «Інфармацыя і сувязь» звольніліся 3423 чалавекі.
Усяго за мінулы год беларускія IT-кампаніі працаўладкавалі крыху больш за 13 тысяч новых супрацоўнікаў — на 34% менш, чым за 2021 год.
З IT-кампаній за мінулы год звольнілася больш за 29,5 тысячы спецыялістаў — на 74% больш, чым у 2021 годзе.
Агулам IT-кампаніі звольнілі за год у 2,2 разу больш супрацоўнікаў, чым узялі на працу. Усяго за 2022 год IT-сектар страціў больш чым 16,5 тысячы спецыялістаў.
Адток айцішнікаў пацвярджаецца і іншымі звесткамі афіцыйнай статыстыкі. У прыватнасці, змяненнем сярэдняспісавай колькасці супрацоўнікаў па розных галінах. Гэта колькасць работнікаў, якія лічыліся ў кампаніях у названыя перыяды паводле звестак Белстата. Памеры кампаній, якія ўключаныя ў статыстыку па агульнай колькасці персаналу, невядомыя.
У беларускім IT у студзені 2022 года сярэдняспісавая колькасць была 53,7 тысячы, але ўжо ў снежні 2022-га — 41,9 тысячы (мінус 22%).