Генеральны дырэктар ААТ «Белшына» знаходзіцца ў следчым ізалятары. Пра гэта стала вядома на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае БЕЛТА.
Сутнасць прэтэнзій да кіраўніка прадпрыемства заключаецца ў тым, што ён заключыў кантракт з расійскімі партнёрамі на продаж буйнагабарытных шын танней за сабекошт, хоць з расійскага рынку сышлі заходнія канкурэнты і цэны на гэтую прадукцыю пачалі расці.
«Што зрабіў гэты генеральны дырэктар „Белшыны“: ён заключае дамову з нейкімі расійскімі… Ну, я іх жулікамі называю. Інакш не назавеш. Заключае дамову, што ён будзе толькі ім прадаваць гэтыя шыны прыкладна на 16−20% ніжэй за сабекошт. Такі попыт на іх сёння! Грошы шалёныя плацяць горназдабыўныя прадпрыемствы, перш за ўсё ў Расіі. Вязі — не хачу. У страту прадае гэтыя шыны», — расказаў Лукашэнка.
«І калі (па дамове) ты адмовішся ад продажаў, як мы табе скажам, ніжэй за сабекошт, то будзеш кожны год паўмільёна даляраў плаціць няўстойку», — дадаў ён.
Ці выстаўленыя абвінавачанні і па якіх артыкулах, не ўдакладняецца.
Паводле сайта «Белшыны», цяпер генеральным дырэктарам прадпрыемства з’яўляецца Андрэй Бунакоў. Яго імя ўсё яшчэ ёсць у спісах кіраўніцтва ААТ «Белшына».