У сакавіку 2022 года Еўрасаюз увёў забарону на імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі пад кодам 44 — гэта пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пелеты і брыкеты. Пасля гэтага экспарт гэтых пазіцый з Казахстана і Кыргызстана ў ЕС вырас у дзясяткі і нават тысячы разоў. Беларускі расследніцкі цэнтр (БРЦ) разам з партнёрамі расказваюць, як падсанкцыйныя тавары трапляюць на заходні рынак. Мы перадрукоўваем гэтае расследаванне са скарачэннямі.
Лес сякуць — санкцыі ляцяць
У апошнія гады значную частку беларускага экспарту складалі пастаўкі драўніны. Паралельна з гэтым у краіне скарачаліся лясныя плошчы. Паводле ацэнкі Global Forest Watch, лясістасць Беларусі за апошнія 11 гадоў зменшылася на 11%. Пік высякання прыпаў на 2016 год, калі знізіліся сусветныя цэны на нафту і Аляксандр Лукашэнка пачаў шукаць іншыя спосабы папаўнення бюджэту.
Ужо ў 2020 годзе Беларусь выйшла на 9-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых пастаўшчыкоў драўніны і вырабаў з яе ў краіны ЕС. У 2021-м сусветныя цэны на драўніну пачалі актыўна расці, а вясной увогуле дасягнулі рэкордных паказчыкаў. Па выніках года нашая краіна паставіла на экспарт драўніны і вырабаў з яе на 2,3 мільярда даляраў.
Паводле звестак Белстата, дзве траціны гэтага экспарту ішлі ў ЕС пад мытным кодам 44. У яго ўваходзяць пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пелеты і брыкеты. У Еўрасаюзе асноўнымі пакупнікамі гэтых тавараў беларускай вытворчасці былі Польшча, Літва, Латвія, Германія і Нідэрланды.

У сакавіку 2022 года ЕС увёў новы пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. Экспарт у Еўропу прадукцыі пад кодам 44 аказаўся пад поўнай забаронай. Рэгулятары далі пастаўшчыкам адтэрміноўку да 4 чэрвеня, каб яны маглі дапрадаць аб’ёмы, закантрактаваныя да абвяшчэння санкцый.
У выніку з чэрвеня 2022 года пастаўкі драўніны ў ЕС з Беларусі абваліліся больш чым у 30 разоў, што вынікае са звестак Еўрастата.
Суаднесці іх з беларускай статыстыкай немагчыма: Белстат засакрэціў свае дадзеныя па экспарце, прычым не толькі ў ЕС, але і ў краіны СНД. БРЦ высветліў, навошта гэта магло спатрэбіцца.
Попыт нараджае прапанову
Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕС. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку дзеяння санкцый намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы заявіў пра востры недахоп драўніны ў краіне. Падобная сітуацыя склалася на рынках Эстоніі і Польшчы.
Польскія кампаніі частку драўніны куплялі праз фірму «БЛК Трэйдынг», абрэвіятура якой расшыфроўваецца як «Беларуская Лясная Кампания». Яна зарэгістраваная ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастоўдрэў».
«БЛК» пастаўляла ў Польшчу прадукцыю дзевяці беларускіх вытворцаў, а сярод яе кліентаў былі пастаўшчыкі IKEA, пра што БРЦ расказаў супрацоўнік трэйдара. Характэрна, што кампанія гандлявала выключна вырабамі пад санкцыйным цяпер кодам 44. У 2021 годзе аб’ёмы паставак дасягнулі прыкладна 34 мільёнаў даляраў, але сёлета мусілі істотна знізіцца праз санкцыі.
Каб праверыць гэта, БРЦ атрымаў дакументы ўзаемных разлікаў паміж «БЛК» і «Мастоўдрэвам» за 2022 год. На канец верасня трэйдар пералічыў свайму ўладальніку амаль 17 мільёнаў даляраў. Гэта ўсяго ўдвая менш, чым за цэлы 2021 год. У «Мастоўдрэве» БРЦ растлумачылі, што не атрымліваюць ад «БЛК» грошай за прадукцыю, якая трапіла пад санкцыі ЕС. Але на сайце польскай кампаніі гаворыцца, што яны гандлююць выключна таварамі пад кодам 44, якія акурат знаходзяцца пад абмежаваннямі. У «Мастоўдрэве» адмовіліся адказваць на дадатковыя пытанні. Следчыя адправілі ім запыт і чакаюць адказу. У «БЛК» БРЦ паведамілі, што кампанія не ажыццявіла ніводнай пастаўкі і ніводнага плацяжу, якія б парушалі законы.
У верасні дырэктар аддзела продажаў «БЛК Трэйдынг» па Еўропе стварыў у Польшчы новую кампанію 3s Trading. Яна аформленая на яго асабіста і яго партнёра, але зарэгістраваная па тым самым адрасе, што і беларускі дзяржтрэйдар «БЛК». Профіль кампаніі — таксама продаж драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.
Пад выглядам польскага пастаўшчыка журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «БЛК Трэйдынг» і паспрабавалі купіць беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі. Менеджар па продажах пацвердзіла: дрэва з Беларусі ў кампаніі сапраўды ёсць, але хутка скончыцца — распрадаюць рэшткі на складах. Таксама яна ўдакладніла, што цяпер фірма працуе з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і з Казахстана.
Падобная сітуацыя і ў Літве. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый краіна была буйным пакупніком беларускай драўніны, а цяпер актыўна імпартуе яе з Казахстана і Кыргызстана. Тэрыторыя першага ўсяго на 5% пакрытая дрэвамі, другога — амаль на 6%. Для параўнання, лясістасць Беларусі, паводле звестак Мінлясгаса краіны, — 40%.
Ствол у Кыргызстане, корань у Беларусі
БРЦ вывучыў звесткі Еўрастата па імпарце прадукцыі з кодам 44. Як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстана ў ЕС вырас у 74 разы, а з Кыргызстана — амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.
У грашах гэта амаль 30 мільёнаў еўра на абедзве краіны.
Пры гэтым урад Казахстана забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага года, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Гэтую забарону яшчэ двойчы працягвалі — летам і зімой. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстана.
Версія пра тое, якім жа чынам гэтыя краіны пастаўляюць лес у Еўропу, з’явілася ў БРЦ дзякуючы рассылцы, якая трапіла ў рэдакцыю. З яе вынікала, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕС у Беларусь праз Кыргызстан.

Пад выглядам патэнцыйных кліентаў журналісты БРЦ даведаліся ў менеджара кампаніі, ці можна пайсці адваротным шляхам і перааформіць беларускі лес у кыргызстанскі для паставак у Еўропу.
Праз некалькі дзён «Стандарт якасці» прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы». Гэтая кампанія дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕС.
Адным з сузаснавальнікаў «Сертыфіката КейДжы» аказаўся Алег Нарчук, што раней уваходзіў у лік суўладальнікаў фірмы «Стандарт якасці», якая і прапанавала паслугі па абыходзе санкцый. На сайце беларускай кампаніі сказана, што яна заснаваная «ў 2011 годзе двума спецыялістамі з органаў Дзяржстандарту Беларусі». Аднак мяркуючы па дакументах, кампанія была створаная толькі ў 2014-м.
Восенню гэтага года Алег Нарчук выступаў на вебінары Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн, асвятляючы тэму «Імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь ва ўмовах санкцый».
Акрамя «Сертыфіката КейДжы» Алег Нарчук быў звязаны яшчэ з некалькімі кампаніямі ў Кыргызстане: «КСК Альянс», «Испытательный центр КСК Альянс» і «КСК Торг». Нарчук адмаўляе, што звязаныя з ім фірмы дапамагаюць абыходзіць санкцыі. «Мы працуем строга ў адпаведнасці з літарай закона. Мы не падрабляем ніякія дакументы», — сказаў ён. Наконт паведамленняў з прапановай паслуг абыходу санкцый бізнесовец заявіў, што, магчыма, супрацоўніца так напісала, каб «прыцягнуць увагу кліентаў».
Вагон санкцыёнкі
Алег Нарчук аказаўся не адзіным прадпрымальнікам, які пачаў выбудоўваць бізнес-адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам.
БРЦ знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу: «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт». Пад выглядам кліента журналіст БРЦ звязаўся з прадстаўніком першай кампаніі. У размове той прызнаўся, што раней «Агра Кейджы» вазіла пелеты ў Еўропу «фурамі», а цяпер будзе вазіць «вагонамі».
2 жніўня 2022 года ў Бішкеку з’явілася кампанія «Адміт» — праз пяць месяцаў пасля ўвядзення ЕС забароны на імпарт беларускага лесу.
Сваім патэнцыйным кліентам фірма паведамляе іншае: на яе сайце гаворыцца, што «Адміт», заснаваная пяць месяцаў таму, «кожны год» атрымлівае больш за 40 тысяч тон драўняных адходаў.
Фірма займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і вырабляе пелеты, брыкеты і іншае драўнянае паліва. Пад выглядам кліентаў журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх пелет у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты.
У «Адміт» гатовыя былі прыняць наш заказ толькі з канца студзеня, таму што да гэтага часу ўсе іх аб’ёмы ўжо былі распісаныя. У кампаніі журналістаў таксама запэўнілі, што праблем на мытні ў іх не было, але папярэдзілі: лепш вазіць грузы праз Польшчу і Латвію, бо літоўскія мытнікі больш прыдзірлівыя.
Літва сапраўды першая звярнула ўвагу на рэзкі рост паставак драўніны з Сярэдняй Азіі. У інтэрв'ю мясцоваму расследніцкаму парталу Siena прадстаўнік літоўскай мытні Вігантас Пайгазінас дадаў, што пры ўвозе беларускай і расійскай прадукцыі на мытню падаюцца дэкларацыі пра тое, што яна нібыта набытая ў Казахстане ці Кыргызстане.
«Бываюць відавочныя і бясспрэчныя прыкметы: гэта маркіроўкі, выяўленыя на ўпакоўках, дадатковыя камплекты дакументаў, якія наўпрост паказваюць на тое, што тавар адгружаны з Беларусі ці Расіі, а не з краін, у якіх зробленае дэклараванне на пачатковым этапе. Такія выпадкі ёсць, мы іх зафіксавалі, і не адзін», — расказваў Пайгазінас.
Калі журналісты БРЦ звярнуліся ў «Агра Кейджы» і «Адміт» па афіцыйны каментар, кампаніі пачалі адмаўляць, што возяць забароненую беларускую прадукцыю ў ЕС па фальшывых дакументах. Сузаснавальніца кампаніі «СК Гранд» сказала, што не ведала пра пастаўкі ў абыход санкцый, і паабяцала разабрацца.
У гандлі кантрабанднай прадукцыяй у Літве можа быць замяшаная кампанія Vivalsa, высветлілі супрацоўнікі расследніцкага цэнтра Siena. Раней гэтая фірма прадавала пелеты з Расіі, але пасля ўвядзення санкцый пачала пастаўляць нібыта кыргызстанскую і казахстанскую прадукцыю. Журналісты Siena прыйшлі на склад кампаніі пад выглядам кліентаў і выявілі там прадукцыю «Агра Кейджы». Дырэктар і саўладальнік Vivalsa Саўлюс Гірчыс прызнаўся, што гэтыя пелеты — з Беларусі.
Гірчыс — літоўскі палітык. Ён удзельнічаў у мясцовых выбарах ад сацыял-дэмакратычнай партыі. У афіцыйным каментары для Siena ён заявіў, што толькі здагадваўся, што яго тавары паступаюць з Беларусі. У размове бізнесовец настойваў на тым, што яго кампанія не парушае санкцыі.