Назвы некаторых рэстаранаў «Макдональдс» значацца ў Гандлёвым рэестры як «КСБ Виктори Рестораны». На гэта звярнула ўвагу агенцтва Sputnik Беларусь. Дата зменаў не пазначаная ў рэестры, але гэта можа сведчыць пра перайменаванне рэстаранаў. То-бок на гандлёвых аб’ектах могуць з’явіцца новыя шыльды. «Люстэрка» паглядзела, якія з рэстаранаў значацца пад назвай «МакДональдс», а якія — «КСБ Виктори Рестораны».
«КСБ Виктори Рестораны» — гэта назва кампаніі, якая валодае сеткай рэстаранаў «Макдональдс» у Беларусі. Нагадаем, уладальнікам франшызы McDonald’s у Беларуси быў сваяк экс-прэзідэнта Казахстана Кайрат Баранбаеў. Гэта Бацька Алімы Баранбаевай, былой нявесткі дачкі экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева — Дарыгі Назарбаевай. Інфармацыя, што Кайрат Баранбаеў перадаў камусьці бізнес, не фігуравала ў адкрытым доступе.
Цяпер многія рэстараны «Макдональдс» у Гандлёвым рэестры значацца пад назвай «КСБ Виктори Рестораны». Да прыкладу, так называецца рэстаран у Мінску па адрасе Дзяржынскага, 96, раней тут быў «Макдональдс». А па адрасе Лагойскі тракт, 35−1 па-ранейшаму пазначаная назва «Макдональдс», як і ў Магілёве на Пушкінскім праспекце, 12.
Пры гэтым з Адзінага дзяржрэгістра вынікае, што кампанія не ўносіла сёлета зменаў ва ўстаноўчыя дакументы. Гэта можа сведчыць, што ўласнік фірмы не змяніўся.
Пры гэтым на сайце ksbv.by, на якім прадстаўленае меню рэстаранаў і кавярняў кампаніі «КСБ Виктори Рестораны», не пазначаныя іх назвы.
Як развівалася гісторыя з «Макдональдс» у Беларусі
Як стала вядома 11 лістапада, «Макдональдс» пакідае беларускі рынак. Яго месца зойме расійская сетка фастфуду «Вкусно — и точка». Гэта сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў памяшканнях McDonald’s пасля яго закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларуси 22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход «Макдональльс», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца мусяць заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада рэстараны пачалі працаваць без шыльдаў «Макдональдс» або «Вкусно — и точка». З таго часу ўстановы юрыдычнай асобы «КСБ Виктори Рестораны» працуюць пад «пустым брэндам»: без назваў і лагатыпаў, аднак з новым меню, якое не ўсім прыйшлося даспадобы.
12 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Макдональдс» цяпер — гэта «наша прадпрыемства». «Не захацелі амерыканцы ці хто там працаваць, то як хочаце, нашы людзі не дурнейшыя», — сказаў ён. Чыя канкрэтна цяпер гэта кампанія, палітык не ўдакладніў. Пры гэтым ён таксама гаварыў пра нацыяналізацыю кампаній, «гаспадары якіх сышлі».
Аднак уладальнікі сеткі, мяркуючы з адкрытых звестак, засталіся на момант гэтай заявы Аляксандра Лукашэнкі ранейшымі.