Дэпутаты адмовілі беларусам з рэдкімі генетычнымі захворваннямі ў атрыманні лячэння і лекаў за кошт бюджэту. Парламентарыі лічаць, што такія дадатковыя выдаткі могуць ударыць па эканоміцы краіны. Хоць некалькі гадоў таму пра такія сумы выдаткаў бюджэту Аляксандр Лукашэнка казаў, што гэта «слёзы для краіны», праўда, тады гаворка ішла пра выдаткі на Еўрапейскія гульні. Паглядзелі, на што яшчэ ўлады знаходзілі грошы, якія не могуць вылучыць на лячэнне людзей з рэдкімі генетычнымі захворваннямі.
На запыт дабрачыннага аб’яднання «Геном», якое дапамагае людзям з рэдкімі генетычнымі нервова-мышачнымі захворваннямі, пастаянная камісія па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў патлумачыла, чаму дзяржава не можа вылучаць з бюджэту грошы на лячэнне такіх людзей. «Дадатковая нагрузка на расходную частку рэспубліканскага бюджэту, не забяспечаная рэальнымі крыніцамі фінансавання, можа прывесці да цяжкіх наступстваў для эканомікі краіны», — гаворыцца ў адказе камісіі, падпісаным дэпутатам Людмілай Ніжэвіч. Усяго ў склад камісіі, якая прыняла такое рашэнне, уваходзіць сем дэпутатаў.
Колькі ў Беларусі людзей з такімі захворваннямі
Мы не знайшлі ў адкрытых крыніцах верагодных звестак пра дакладную колькасць беларусаў з рэдкімі генетычнымі нервова-мышачнымі захворваннямі. Але людзей, якія на іх хварэюць, у працэнтных суадносінах не так шмат.
Напрыклад, у Беларусі жыве каля 150 чалавек са спінальнай мышачнай атрафіяй (СМА). Яшчэ нядаўна ў свеце не ўмелі лячыць людзей з такой генетычнай асаблівасцю. Але цяпер ёсць некалькі відаў лекаў, здольных спыніць развіццё хваробы і тым самым выратаваць гэтым людзям жыццё. Яны могуць каштаваць некалькі сотняў тысяч і нават каля двух мільёнаў даляраў. У другім выпадку гэта цана за адзін укол, які ўводзіцца чалавеку адзін раз і спыняе развіццё хваробы. У многіх краінах такія лекі закупляюць на дзяржаўным узроўні, каб бясплатна калоць дзецям і дарослым з СМА.
У нашай краіне з бюджэту гэтыя лекі не закупляюць, і, як відаць вышэй з ліста дэпутатаў, такой магчымасці нават не разглядаюць.
У Беларусі такія людзі атрымліваюць лячэнне толькі ў тым выпадку, калі ім дапамогуць сабраць грошы валанцёры, дабрачынны фонд або хтосьці з бізнесоўцаў. Так, у 2021 годзе дзяўчынцы Арыне з Брэста атрымаць лекі коштам 2 млн даляраў дапамаглі неабыякавыя беларусы, фонд і кампанія «Савушкін прадукт» (вылучыла каля 1,5 з 2 млн даляраў), дзе працавалі бацькі дзяўчынкі. Атрымліваецца, што падаткаплатнікі і бізнес, які нібыта рабуе беларусаў (як неаднаразова заяўлялі чыноўнікі), у такіх сітуацыях бяруць на сябе сацыяльныя функцыі, якія, здавалася б, мусіць выконваць дзяржава.
Некаторыя з людзей з такімі генетычнымі захворваннямі вымушана пераязджаюць у іншыя краіны, каб атрымаць там бясплатныя лекі.
У артыкуле 45 Канстытуцыі Беларусі сказана, што грамадзянам гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, вызначаным законам. Грамадзяне клапоцяцца пра захаванне ўласнага здароўя.
Колькі трэба сродкаў для лячэння людзей з генетычнымі захворваннямі
Паводле нашых дадзеных, на лячэнне людзей з СМА ў Беларусі патрабуецца каля 35 млн даляраў у год. Лічыцца, што ўсяго ў свеце на генетычныя нервова-мышачныя захворванні хварэе каля 0,05% насельніцтва, альбо пяць чалавек з 10 тысяч. Калі перанесці гэтую статыстыку на Беларусь, то гаворка можа ісці прыкладна пра 4,6 тысячы чалавек. Але паколькі лекі на іншыя захворванні з дадзенай групы, як правіла, таннейшыя, чым уколы для лячэння СМА (а некаторыя з іх не лечацца), можна гіпатэтычна ацаніць, што ўвогуле лячэнне людзей з такімі рэдкімі хваробамі каштуе каля 70−100 млн даляраў у год (падкрэслім, гэта не дакладныя разлікі, а прыкладныя).
Для шараговага чалавека гэта велізарная сума, а для бюджэту? Напрыклад, летась ад акцызаў, то-бок ад продажу алкаголю, цыгарэт і паліва, у рэспубліканскі бюджэт паступіла 3,7 млрд рублёў. Гэта амаль 1,5 млрд даляраў па курсе на снежань 2021 года. Каб пакрыць выдаткі на лячэнне людзей з такімі хваробамі, спатрэбілася б вылучыць каля 5−7% заробленага ад акцызаў. А ад усіх даходаў леташняга бюджэту выдаткі на лекі для такіх людзей аказаліся б на ўзроўні 0,45−0,64%. Шмат гэта ці мала, можна меркаваць па тым, у колькі ў нашай краіне ацэньваюць жыццё чалавека.
Калі зыходзіць з заявы дэпутатаў, якія фармальна прадстаўляюць інтарэсы народа, то нават такія невялікія, але «незабяспечаныя» выдаткі на ратаванне жыццяў людзей з рэдкімі генетычнымі захворваннямі могуць нанесці шкоду эканоміцы краіны. Але на што дзяржава не шкадавала бюджэтных грошай, а дэпутаты без праблем ухвалялі буйныя выдаткі?
На што ўлады трацілі вялікія сумы, не думаючы пра шкоду для эканомікі
У 2019 годзе ў Беларусі прайшлі Еўрапейскія гульні. Першапачаткова на іх планавалі выдаткаваць 50 млн даляраў. «Гэта слёзы для краіны», — заявіў тады Аляксандр Лукашэнка. Але ў выніку, паводле дадзеных Мінфіна, на спаборніцтвы выдаткавалі больш за 260 млн даляраў. Адмаўляцца ад гульняў, нягледзячы на павялічаны ў пяць разоў бюджэт, і заяўляць, што такія выдаткі нічым не абгрунтаваныя, ніхто не стаў.
Кожны год у нашай краіне трацяць велізарныя сумы на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў, якія хранічна не зарабляюць самі. Так, летась на гэтыя мэты з бюджэту накіравалі больш за 2 млрд рублёў, або амаль 800 млн даляраў паводле курсу на канец 2021 года.
Сёлета для павышэння бюджэтнай падтрымкі дзяржСМІ ўлады ўвялі дадатковы падатак на рэкламу. Гэта акрамя ўжо закладзеных у казну больш чым 150 млн рублёў сродкаў на гэтыя выданні. А нядаўна за кошт зніжэння выдаткаў на абслугоўванне знешняга доўгу падтрымку двух дзяржтэлеканалаў павялічылі яшчэ больш чым на 1 млн рублёў. Іншымі словамі, пры жаданні пераразмеркаваць сродкі бюджэту ўсё ж атрымліваецца.
Канцэрты, святы і патрыятычнае кіно. Сёлета на канцэрт да прыдуманага нядаўна Аляксандрам Лукашэнкам Дня народнага адзінства патрацілі больш за 300 тысяч даляраў. На святкаванне Дня незалежнасці планавалася вылучыць больш за 240 тысяч даляраў. Мінкульт жа сёлета падаў заяўкі на фінансаванне за кошт дзяржаўных сродкаў здымак некалькіх фільмаў. Іх агульны бюджэт — больш за 11 млн рублёў, ці крыху менш за 4,5 млн даляраў. Феерверк на 9 траўня ў сталіцы сёлета абышоўся прыкладна ў 90 тысяч даляраў. А на падрыхтоўку дзвюх пляцовак да святкавання Новага года ў Мінску ў канцы 2021-га патрацілі амаль 280 тысяч даляраў. Вядома, культура і адпачынак важныя, але калі ўжо дэпутаты думаюць пра рацыянальнае фінансаванне выдаткаў, то, магчыма, можна было разгледзець варыянт пошуку інвестараў для культурных праектаў (як гэта зрабілі з канцэртам у гонар дня Расіі ў Мінску), а зэканомленыя бюджэтныя сродкі накіраваць на лячэнне беларусаў.
У 2020 годзе ў Гомелі з’явіўся флагшток коштам 1,5 млн рублёў. А ў 2018 годзе ў гэтым жа горадзе пабудавалі грамадскую прыбіральню за 1 млн даляраў. Калі б гомельскія чыноўнікі для гэтых мэтаў выбралі больш сціплыя праекты, то вызваленай сумы хапіла б на некалькі не самых дарагіх лекаў для людзей з СМА, ну ці амаль хапіла б на адзін укол за 2 млн даляраў, які спыняе развіццё гэтага захворвання.
Летась збіраліся абнавіць аўтапарк Упраўлення справамі Аляксандра Лукашэнкі. Тры аўтамабілі ў дзяржзакупцы ацэненыя на агульную суму 900 тысяч рублёў, або каля 355 тысяч даляраў.
У траўні Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Мінск закупіў у Расіі «патрэбную колькасць Іскандэраў і С-400». Кошт аднаго дывізіёна С-400 (каля васьмі пускавых установак) складае каля 700 млн даляраў. Летась ён анансаваў, што наша краіна закупіць у Расіі ўзбраенняў на 1 млрд даляраў.
У 2020 годзе ўлады актыўна прыцягвалі сілавікоў і вайскоўцаў да разгонаў мірных акцый пратэсту. Колькі дакладна на гэта выдаткавалі сродкаў, невядома. Але па выніках года выдаткі на суды і сілавыя структуры былі павялічаныя на 67,5 млн рублёў (26 млн даляраў па курсе на канец 2020-га) ад запланаваных першапачаткова. А нядаўна стала вядома, што фігурантаў «справы Ціханоўскага» абавязалі выплаціць 22 млн рублёў (амаль 9 млн даляраў) кампенсацыі міліцыянтам за перапрацоўкі падчас пратэстаў.
Дзе можна было б знайсці грошы, не павялічваючы выдаткі бюджэту
Першы і найбольш рацыянальны выхад — пераразмеркаванне выдаткаў. Напрыклад, можна ацаніць рацыянальнасць розных артыкулаў выдаткаў і скараціць іх на суму, неабходную для лячэння людзей з рэдкімі генетычнымі захворваннямі.
Як частка працэсу пераразмеркавання выдаткаў з казны магчымае стымуляванне дзяржСМІ больш зарабляць самастойна. Як мы пісалі вышэй, з бюджэту для дзяржСМІ выдаткоўваюць больш за 150 млн рублёў. Відавочна, многія дзяржаўныя выданні нерэнтабельныя, то-бок не могуць забяспечваць сябе за кошт рэкламы і іншых крыніц даходу. Але частка з іх відавочна магла б гэта рабіць.
Стары прафіцыт бюджэту. З 2020 года бюджэт нашай краіны фармуецца з дэфіцытам, то-бок выдаткі перавышаюць даходы. Але да гэтага некалькі гадоў запар сітуацыя была іншай: у казну паступала больш, чым расходавалася. Напрыклад, у 2019 годзе прафіцыт склаўся ў памеры 3,5 млрд рублёў, або каля 1,6 млрд даляраў. Гадавыя выдаткі на лячэнне людзей, пра якіх ішла гаворка ў запыце дэпутатам, склалі б крыху больш за 6% ад прафіцыту.
Зніжэнне дзяржпадтрымкі стратных прадпрыемстваў. З году ў год ўлады марнуюць велізарныя сродкі падаткаплатнікаў на фінансаванне дзяржпрадпрыемстваў, якія так і не навучыліся зарабляць. Некаторыя з іх чыноўнікі проста не хочуць закрываць і звальняць работнікаў, таму што гэта адбілася б на ўзроўні беспрацоўя і фінансавым стане гэтых людзей. Але ў той жа час вера ў дзяржпадтрымку не дае кіраўніцтву часткі прадпрыемстваў (якія ўсё ж маглі б зарабляць) ніякіх стымулаў для таго, каб спрабаваць выйсці ў плюс. Паступовае зніжэнне дзяржпадтрымкі разам з перанавучаннем скарочаных супрацоўнікаў і дапамогі ім у пошуку новай працы дазволіла б знізіць выдаткі казны на некалькі мільярдаў рублёў.