Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць механізм поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю 28 жніўня. Адбудзецца гэта на фоне спынення працы двух з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Літвой. Раней на такія крокі ўжо пайшла Варшава. Усё ідзе да таго, што вакол Беларусі апусціцца новая жалезная заслона. Мы вырашылі паглядзець, ці былі аналагічныя выпадкі, якія ўдарылі па простых жыхарах, у еўрапейскай практыцы ХХ стагоддзя, а таксама вывучылі спосабы, якімі яны ўсё ж выбіраліся за мяжу. Аказалася, што еўрапейскія межы ў апошнюю сотню гадоў сапраўды нярэдка аказваліся на замку, аднак выпадак з Беларуссю і тут выглядае экстраардынарным.

Дзве пашпартныя мадэлі і досвед нацысцкай Германіі

Сучасныя пашпартная і візавая сістэмы — спадчынніцы Першай сусветнай вайны.

Да яе, у другой палове XIX стагоддзя і аж да гэтага канфлікту, у еўрапейскіх краінах склаліся дзве мадэлі. Першая — заходняя ліберальная, пры якой у людзей практычна не было пашпартоў. Грамадзянін мог, але не быў абавязаны мець ідэнтыфікацыйныя дакументы. Пашпарт патрабаваўся толькі пры выездзе за мяжу. Ды і тое калі яго патрабавала краіна прызначэння. Напрыклад, у Германіі за апошнім кайзерам Вільгельмам II асобу можна было пацвердзіць любым дакументам. Важней было стаць на ўлік у паліцыі ў месцы знаходжання.

Прадстаўнікамі другой, усходняй абмежавальнай мадэлі былі дзве дзяржавы: Расійская і Асманская імперыя працягвалі патрабаваць пашпарты як ад сваіх грамадзян, так і ад замежнікаў. Хоць Расія вельмі павольна, але ўсё ж ішла шляхам лібералізацыі ў гэтым пытанні.

Усё змянілася пасля пачатку Першай сусветнай. Скончылася эра, калі замежнікаў прымалі без падазрэнняў. Для мабілізацыі і аддзялення сваіх ад чужых з’явіліся пашпарты, абавязковыя фатаграфіі, адбіткі пальцаў і г. д. — знаёмыя нам рэчы, якія для еўрапейцаў пачатку ХХ стагоддзя былі новымі. Але пасля Першай сусветнай узмоцненыя патрабаванні не адмянілі, а наадварот, захавалі або дапоўнілі. У 1919 годзе ўлады Веймарскай рэспублікі — спадчынніцы Германскай імперыі — пацвердзілі ваеннае правіла пра неабходнасць пашпарта з візай для перасячэння мяжы ў абодва бакі — як для жыхароў Германіі, так і для замежнікаў.

Российская пехота в Варшаве в декабре 1914 года. Фото: commons.wikimedia.org
Расійская пяхота ў Варшаве ў снежні 1914 года. Першая сусветная вайна. Фота: commons.wikimedia.org

Рашэнне падчас Першай сусветнай увесці кантроль на межах адгукнулася жыхарам краіны 30 студзеня 1933 года. Да ўлады прыйшоў Адольф Гітлер, у краіне пачала ўсталёўвацца дыктатура, што выклікала масавы ад’езд. Толькі ў першы год існавання Трэцяга рэйха краіну пакінулі 53 тысячы грамадзян, з якіх 37 тысяч былі габрэямі. Усяго ж за гады дыктатуры з Германіі эмігравала каля 500 тысяч чалавек.

Першы месяц выезд з Германіі не быў вялікай праблемай. Пасля падпалу Рэйхстага — 27 лютага 1933-га — кантроль стаў больш строгім. Нацысты сачылі за тымі, каго падазравалі ў намеры з’ехаць: правяралі іх банкаўскія рахункі, назіралі за цягнікамі. Усіх, хто выязджаў за мяжу, апытвалі. У цэлым жа нямецкія ўлады адрознівалі два тыпы эмігрантаў: габрэяў (іх у цэлым выпускалі) і палітычных уцекачоў (ім выезд дазвалялі з меншай ахвотай).

Як ужо адзначалася, для выезду за мяжу патрабавалася віза. Тыя, хто хацеў эміграваць, вымушаныя былі прыкідвацца простымі турыстамі або пакідалі Германію нелегальна: у спешцы, рызыкуючы жыццём, без дзейнага пашпарта і грошай, фактычна ў нікуды.

Напрыклад, выдавец Віланд Херцфельдэ прыкінуўся, што праводзіць жонку на цягнік. Аднак як толькі састаў крануўся, ён ускочыў у вагон. Публіцыст Альфрэд Кантаровіч з’ехаў у Давос па медыцынскай даведцы, нібыта лячыць лёгкія. Мяжу пераходзілі і па падробленых пашпартах, у складзе вялікіх груп. Пісьменнік Фрыц Эрпенбек пераапрануўся артыстам мюзік-хола. Палітычны дзеяч Фрыдрых Вольф скарыстаўся знаходжаннем у Альпах, каб перасекчы мяжу на лыжах.

У 1934 годзе візавы рэжым адмянілі. Але паслабленняў не адбылося. Наадварот, улады абіралі людзей да ніткі: дазволеная для вывазу сума грошай скарацілася з 1200 марак у 1933 годзе да 40 марак у 1940-м — пры гэтым сярэдні заробак нямецкага рабочага ў сярэдзіне 1930-х быў роўны 130 маркам.

Члены немецкого парламента единодушно приветствуют Адольфа Гитлера. Ноябрь 1935 года. Фото: Rijksmuseum — hdl.handle.net, CC0, commons.wikimedia.org
Чальцы нямецкага парламента аднадушна вітаюць Адольфа Гітлера. Лістапад 1935 г. Фота: Rijksmuseum — hdl.handle.net, CC0, commons.wikimedia.org

Яшчэ горшай стала сітуацыя ў верасні 1939-га, калі пачалася Другая сусветная вайна. Рэйхсміністр унутраных справаў Вільгельм Фрык выдаў загад, згодна з якім перасякаць межы Рэйха можна было толькі з пашпартам і візай, але ўсе старыя візы абвяшчаліся несапраўднымі. Атрымаць новыя было практычна немагчыма. Фактычна гэта азначала поўнае закрыццё межаў.

Закрыты Савецкі Саюз і паслабленні для габрэяў

Бальшавікі прыйшлі да ўлады ў Расіі восенню 1917 года, а ўжо ў снежні з’явіліся абмежаванні па выездзе за мяжу. Паводле новай інструкцыі для выезду патрабаваўся не толькі пашпарт, але і дазвол, які выдавалі спецслужбы або камісарыят (міністэрства) замежных справаў. Так практычна адразу з’явіліся абмежаванні, якія захоўваліся цягам практычна ўсёй савецкай гісторыі.

Зрэшты, гайкі закруцілі далёка не адразу. Спачатку бальшавікі змагаліся за ўладу са сваімі праціўнікамі. Кантролю за мяжой не было, таму падчас Грамадзянскай вайны і асабліва ў яе фінале, калі белыя прайгралі, з краіны эмігравалі мільёны людзей.

У 1922-м з’явіліся новыя правілы. Выехаць з краіны можна было «не інакш як па спецыяльным дазволе Народнага камісарыята па замежных справах, які выдаецца <…> у выглядзе візы, што накладаецца на выдаваныя ім замежныя пашпарты». Перад гэтым патрабавалася падаць дакументы ў ГПУ (папярэдніца КДБ): у тым ліку даручальніцтва «двух грамадзян, якія не зганьбаваныя па судзе і не знаходзяцца пад следствам», а таксама «пасведчанне з месца службы або з месца ўліку пра адсутнасць перашкод да ад’езду за мяжу».

Акрамя гэтага трэба было яшчэ і заплаціць: за замежны пашпарт, што дзейнічаў шэсць месяцаў, даводзілася аддаць месячную зарплату высокааплатнага спецыяліста. Пры наступнай замежнай паездцы новая віза каштавала прыкладна траціну месячнага даходу.

У 1925-м была зацверджаная інструкцыя, якая дзейнічала да 1959 года — дарэчы, увесь гэты час яна ні разу не друкавалася і трымалася ў сакрэце. Паводле яе для дыпламатычных і службовых пашпартоў выязная віза не патрабавалася, для ўладальнікаў звычайных дакументаў яна была абавязковай. Але, паводле даследчыка Петэра Бенчыка, «прыватныя паездкі за мяжу сталі практычна немагчымымі: падача заявы на пашпарт для дазволу на выезд за мяжу лічылася небяспечным актам».

Советский загранпаспорт 1929 года. Фото: Wikipedia Commons
Савецкі замежны пашпарт 1929 года. Фота: Wikipedia Commons

Што па лічбах? У адносна ліберальныя 1925−1927 гады з СССР выехала крыху больш за 140 тысяч чалавек, заехала — каля 130 тысяч. 10 тысяч эмігравалі. Насельніцтва краіны пры гэтым складала 147 млн: колькасць людзей, якія трапілі за мяжу, была кропляй у моры. А вось у 1930-я гады выязджаць па асабістых прычынах з СССР амаль перасталі. Сам факт знаходжання за мяжой стаў разглядацца як ганебны.

Пасля смерці Іосіфа Сталіна надышлі «ліберальнейшыя» часы. Для выезду з краіны па-ранейшаму патрабавалася віза. Каб атрымаць яе, неабходна было сабраць мноства дакументаў. Ад тых, хто выязджае, была патрэбная найпадрабязнейшая анкета, якая служыла першым фільтрам — выезд маглі забараніць праз наяўнасць сваякоў за мяжой, «няправільнае» паходжанне або нацыянальнасць, а таксама калі савецкі чалавек меў доступ да дзяржаўнай таямніцы. Пасля трэба было атрымаць рэкамендацыі ад працоўнага калектыву, партыйнай або камсамольскай арганізацыі. Заканчвалася ўсё камісіяй у райкаме партыі. Там у спашукальніка маглі папрасіць пацвердзіць веданне рашэнняў апошняга з’езда КПСС, імя і прозвішча кіраўніка кампартыі Францыі і гэтак далей. Многія атрымлівалі адмовы без тлумачэння прычын. Сама працэдура атрымання выязной візы магла займаць месяцы.

Советская выездная виза. Фото: Kassel Elena, commons.wikimedia.org
Савецкая выязная віза. Фота: Kassel Elena, commons.wikimedia.org

Адзіным выключэннем былі габрэі — каб не пагаршаць міжнародны прэстыж СССР, прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці пачынаючы з сярэдзіны 1960-х адносна свабодна адпраўлялі ў Ізраіль. Зрэшты, квоты былі і для іх.

«Студэнт не мог выехаць, каб праслухаць курс той галіны навукі, якой ён займаецца і ў якой за мяжой дасягнулі вялікіх поспехаў. Навукоўцы, нават самыя масцітыя, вымушаныя былі выпрошваць дазвол выступіць на міжнародных навуковых канферэнцыях. У савецкай навуцы знаёмства з замежнымі калегамі часцей за ўсё абмяжоўвалася перапіскай, а магчымасць выязджаць за мяжу была толькі ў самага малога кола абраных. Ды і простыя савецкія грамадзяне маглі ўбачыць свет толькі з экрана тэлевізара», — расказвала газета «Взгляд».

Тым не менш заслона ў параўнанні са сталінскай эпохай пачала трохі прыпадымацца. У першае дзесяцігоддзе арганізаванага турызму (1956−1966) за мяжу выехалі больш чым 7 млн чалавек. Пазней колькасць пачала павялічвацца — у пачатку 1980-х за мяжу штогод выязджала да 3 млн. Усяго ж з сярэдзіны 1950-х да развалу краіны за мяжой пабывалі 44 млн жыхароў Саюза.

Толькі ў апошні год існавання СССР, 20 траўня 1991 года, з’явіўся закон пра парадак выезду з краіны. Паводле яго выязджаць за мяжу маглі ўсе ахвочыя.

Берлінская сцяна і наступствы забароны «Салідарнасці»

Пасля Другой сусветнай вайны краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — Чэхаславакія, Польшча, ГДР, Румынія, Балгарыя — трапілі ў залежнасць ад Савецкага Саюза. На тэрыторыі гэтых дзяржаваў стаялі савецкія войскі. Ля стырна знаходзіліся партыі, створаныя на вобраз і падабенства КПСС, якія перамагалі на безальтэрнатыўных выбарах. Ажыццяўлялася будаўніцтва планавай эканомікі. Арміі гэтых краін уваходзілі ў арганізацыю Варшаўскай дамовы. Нядзіўна, што ў сваёй палітыцы дзяржавы «народнай дэмакратыі» арыентаваліся на СССР, пераняўшы іх мадэль што да правілаў уезду-выезду з краіны.

Восточногерманская техника работает над укреплением Берлинской стены возле Бранденбургских ворот, октябрь 1961 года. Фото: Wikimedia Commons
Усходнегерманская тэхніка працуе над умацаваннем Берлінскай сцяны каля Брандэнбургскай брамы, кастрычнік 1961 года. Фота: Wikimedia Commons

Як гэтая мадэль рэалізоўвалася на практыцы, мы разгледзім на прыкладзе дзвюх краін.

Найбольш радыкальным чынам зрабілі ў камуністычнай Германіі. У 1961 годзе сталіцу некалі адзінай краіны падзяліла сцяна. Яна праходзіла паміж Усходнім Берлінам, што стаў сталіцай сацыялістычнай ГДР, і Заходнім — дзяржаўным аб’яднаннем, што належаў да заходняга свету.

Праз сцяну, а таксама праз мяжу ГДР можна было праехаць легальна. Існавалі прапускныя пункты. Але дазвол на выезд прыватнай асобе было атрымаць практычна немагчыма. Пэўныя паслабленні з’явіліся ў 1970-я. менавіта тады пенсіянеры ГДР атрымалі права выезду на Захад на тэрмін да чатырох тыдняў. Вядома, многія з іх заставаліся ў ФРГ. Але дзяржава не бачыла ў іх патэнцыйных уцёках асаблівай пагрозы палітычнаму ладу. Хутчэй, наадварот, успрымала як змяншэнне нагрузкі на ўласную пенсійную сістэму. У сваю чаргу, ФРГ гарантавала пенсіянерам-уцекачам выплату пенсіі пасля пераходу ў новае грамадзянства.

Руководство ГДР. Слева направо: Вальтер Ульбрихт, Вильгельм Пик, Отто Гротеволь. II конференция СЕПГ. 10 июля 1952 года. Фото: Бундесархив
Кіраўніцтва ГДР. Злева направа: Вальтэр Ульбрыхт, Вільгельм Пік, Ота Гратэволь. II канферэнцыя САПГ. 10 ліпеня 1952 года. Фота: Бундэсархіў

У дадатак у 1975-м ГДР падпісала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Хельсінкскія пагадненні, па якіх узяла на сябе абавязак дазваляць «канчатковы выезд» за межы рэспублікі. Але такое прашэнне ўспрымалася ўладамі як недапушчальнае адмаўленне прынцыпаў і ідэалаў сацыялізму. Таму выезд быў магчымы толькі пры адначасовым выхадзе з грамадзянства ГДР. Рызыкаваць такім маглі адзінкі.

Застаўся адзіны шанец — бегчы. Паводле афіцыйных звестак, у 1961−1988 гадах больш за 100 тысяч чалавек спрабавалі нелегальна пераправіцца праз унутрыгерманскую мяжу або праз Берлінскую сцяну. Прыкладна 39 тысячам гэта ўдалося. Больш за шэсцьсот чалавек загінулі падчас спробы ўцячы.

У канцы існавання ГДР улады яшчэ больш узмацнілі правілы. Прычынай сталі падзеі ў суседняй Венгрыі. Новы несацыялістычны лідар краіны Рэжа Ньёрш 11 верасня 1989 года загадаў адкрыць мяжу з «капіталістычнай» Аўстрыяй. Дзясяткі тысяч жыхароў іншых сацкраін — у тым ліку немцы — скіраваліся праз Венгрыю на Захад. За тры дні — з 12 да 14 верасня — тэрыторыю ГДР пакінулі тысячы яе грамадзян. У адказ улады ГДР цалкам закрылі межы на выезд — не толькі з капіталістычнымі краінамі, а нават з сацыялістычнымі Венгрыяй і Чэхаславакіяй.

Семьи машут родственникам через Берлинскую стену. 30 сентября 1961 года. Фото: DPA / Reuters
Сем'і махаюць сваякам праз Берлінскую сцяну. 30 верасня 1961 года. Фота: DPA / Reuters

Па ўсёй краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты. 9 кастрычніка на вуліцы Ляйпцыга выйшла каля 70 тысяч чалавек, пры тым што ўсё насельніцтва горада складала крыху больш за 530 тысяч. Гэтую дату потым назвалі «пачаткам канца» ГДР: праз тыдзень у пратэстах узяло ўдзел ужо 120 тысяч жыхароў Ляйпцыга, а яшчэ праз сем дзён — больш за 320 тысяч.

Немцаў чакалі адстаўка лідара краіны Эрыха Хонэкера, новыя правілы (паводле іх усходнія немцы маглі без якіх-кольвек умоваў афармляць візы для прыватных паездак на 30 дзён), падзенне Берлінскай сцяны і аб’яднанне Германіі, што зрабіла папярэднія забароны неактуальнымі.

У іншых краінах сітуацыя была больш ліберальнай, чым у ГДР. Напрыклад, з Польшчы за сталінскімі часамі выехаць было практычна немагчыма. У сярэдзіне 1950-х, калі аналагічныя патрабаванні ў СССР паслабілі, у Польшчы таксама пайшлі на паслабленні і пачалі выдаваць пашпарт, прыдатны для падарожжаў па краінах сацыялістычнага лагера. Скарыстаўшыся гэтым, пасля 1955 года сотні тысяч палякаў падалі заяўкі на выдачу дакументаў, што дазвалялі б ім здзяйсняць паездкі ў Савецкі Саюз. Хутчэй за ўсё, асноўным пунктам іх прызначэння былі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, якія ўваходзілі да Другой сусветнай вайны ў склад Польшчы. Сталі магчымыя нават падарожжы на захад. Хоць ад 24 да 30% заявак у гэтым кірунку адхіляліся.

Фото: instytutpolski.pl
Мітынг «Салідарнасці». Фота: instytutpolski.pl

Сітуацыя рэзка змянілася на мяжы 1970−1980-х гадоў, калі ў Польшчы з’явіўся прафсаюз «Салідарнасць». Пасля таго як арганізацыя выйшла на палітычную арэну, усе без выключэння краіны камуністычнага блока ўвялі абмежаванні на ўезд палякаў.

Калі ў краіне ў 1981-м было абвешчанае ваеннае становішча, межы былі закрытыя. Праз два гады выезд з краіны зноў стаў магчымы. Але большасць сацыялістычных краін (за выключэннем Венгрыі і Югаславіі) працягвала абмяжоўваць уезд польскіх грамадзян. Як гэта ні парадаксальна, у 1980-я палякам было лягчэй падарожнічаць у краіны Захаду, чым да «саюзнікаў» па сацыялістычным блоку. У канцы 1988-га Варшава адмяніла ўсе абмежаванні на выезд з краіны.

***

Пасля заканчэння халоднай вайны, распаду СССР і сацыялістычнага лагера закрыццё межаў, здавалася б, незваротна знікла ў мінулым. Толькі праз чвэрць стагоддзя, у 2015-м, Венгрыя закрыла сваю мяжу з Харватыяй, каб спыніць паток мігрантаў. У тым жа годзе Германія ўвяла праверкі на межах з Аўстрыяй. У 2020 годзе адбылося закрыццё межаў па ўсім свеце, звязанае з каранавірусам. Але ўсё ж гэтыя падзеі наўпрост не былі звязаныя з палітыкай.

Нават частковае закрыццё межаў з Беларуссю, якое ўжо ажыццявілі нашыя суседзі, беспрэцэдэнтныя па маштабе. Да гэтага калі межы і ставілі на замок, то часцей за ўсё гэта рабілі самі краіны — дакладней, іх палітычныя рэжымы. Закрыццё межаў, каб абараніцца ад суседзяў — рэдкасць (накшталт сітуацыі з Польшчай у пачатку 1980-х). Ды і тое яно ішло ад ідэалагічнага саюзніка, які хацеў абараніцца ад «крамолы».

Чытайце таксама