Новаўвядзенне беларускага заканадаўства, якое ўжо набыло моц, дазваляе ўладам без асаблівых цяжкасцяў пазбаўляць грамадзянства людзей, якія з’ехалі з краіны. Прычым гэты механізм, які супярэчыць Канстытуцыі, прапісаны ў новай версіі закона «Аб грамадзянстве» так, што адабраць пашпарт змогуць практычна ў любога беларуса, які знаходзіцца за мяжой, калі ўлады палічаць яго дзеянні шкоднымі або непажаданымі для сябе. Апошнім разам у Еўропе такая практыка шырока выкарыстоўвалася ў нацысцкай Германіі. Паміж 1933 і 1945 гадамі грамадзянства там пазбавілі амаль 40 тысяч чалавек, прычым многіх з іх — на такіх самых падставах, якія прапісалі ў новых нормах беларускія заканадаўцы. Расказваем, як немцаў, якія выступалі супраць нацызму, пазбаўлялі грамадзянства за «супярэчнасць абавязку вернасці Рэйху» ці проста за адмову вярнуцца ў Германію, дзе іх чакалі рэпрэсіі і лагеры.
Каго і як нацысты пазбаўлялі грамадзянства
Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя на чале з Адольфам Гітлерам прыйшла да ўлады ў Германіі ў студзені 1933 года, калі яе лідар быў прызначаны канцлерам (кіраўніком дзяржавы). Нацысты выдатна разумелі, што ўтрымаць уладу законным шляхам ім будзе складана (на парламенцкіх выбарах 1932 года яны атрымалі 33,09% галасоў, гэта нават блізка не дазваляла ім кіраваць аднаасобна). Таму адразу прыступілі да дэмантажу дэмакратычных інстытутаў Веймарскай рэспублікі.
Найперш яны шляхам пагроз і рэпрэсій выціснулі за мяжу сваіх палітычных праціўнікаў. Лідары апазіцыі, якія аказаліся ў вымушанай эміграцыі, у першую чаргу вядомыя сацыял-дэмакраты і камуністы, акурат і сталі фігурантамі першага спісу з 33 чалавек, якіх нацысты пазбавілі нямецкага грамадзянства ўжо ў жніўні 1933 года. У яго ўвайшоў, у прыватнасці, першы кіраўнік (прэм'ер-міністр) Веймарскай рэспублікі Філіп Шэйдэман, які ў 1918 годзе абвясціў ператварэнне Германіі ў дэмакратычную дзяржаву. Трапілі ў першы спіс і інтэлектуалы, якіх нацысты палічылі небяспечнымі для сябе. Напрыклад, пісьменнік Ліён Фейхтвангер, кнігі якога трапілі ў чорны спіс: іх належала забраць з кнігарняў і бібліятэк і знішчыць.
Але гэта быў толькі пачатак. Пазбаўленне грамадзянства аказалася даспадобы нацыстам — і ўсяго яны стварылі 359 такіх спісаў. Апошні з іх быў апублікаваны 7 красавіка 1945 года — калі арміі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі змагаліся ўжо на тэрыторыі Трэцяга Рэйха. Усяго за 12 гадоў, якія нацысты прабылі ва ўладзе, у Германіі грамадзянства пазбавілі 39 006 чалавек. У большасці яны станавіліся апатрыдамі — то-бок людзьмі без грамадзянства.
Чым нацыстам спадабалася такое, на першы погляд, «бясшкоднае» (у параўнанні з пакараннямі смерцю і зняволеннем у канцлагеры) пакаранне? Па-першае, тым, што з яго дапамогай нацысты маглі «дацягнуцца» да сваіх праціўнікаў, якія апынуліся за межамі Германіі. Праз асаблівасці міжнародных нормаў і нацыянальных заканадаўстваў таго часу пасля пазбаўлення грамадзянства жыццё многіх з іх моцна ўскладнялася (пра гэта мы раскажам крыху ніжэй). Па-другое, меў месца і «эканамічны» інтарэс.
Прыкладам можа служыць лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1929 года Томас Ман. Пасля прыходу Гітлера да ўлады ён перабраўся ў Швейцарыю, але нацысты пасаромеліся ўключаць сусветна вядомага пісьменніка ў першы спіс «пазбаўленцаў». Затое на ўсялякі выпадак канфіскавалі дом у Любеку, які некалькі пакаленняў належаў сям'і Манаў. Пасля гэтага ўлады некалькі гадоў спрабавалі ўгаварыць пісьменніка вярнуцца ў Германію. А ў 1936 годзе ўсё ж пазбавілі яго грамадзянства і папоўнілі бюджэт, прадаўшы на аўкцыёне дом разам з усім, што ў ім было.
І ў далейшым пазбаўленне грамадзянства «па-нацысцку» цягнула за сабой канфіскацыю маёмасці — вядома, у строгай адпаведнасці з законамі Трэцяга Рэйха. Такім чынам людзей «законна» пазбаўлялі грамадзянства, жылля і ўсіх зберажэнняў за дзеянні, «якія супярэчаць абавязку вернасці Рэйху і народу», што вельмі падобна да «нанясенне цяжкай шкоды» дзяржаўным інтарэсам у сучаснай беларускай інтэрпрэтацыі закона «Аб грамадзянстве». Таксама нацысты пазбаўлялі грамадзянства людзей, якія адмовіліся на загад уладаў вярнуцца ў Германію — дзе іх чакалі рэпрэсіі, арышт, канцлагер і смерць.

Калі нямецкае грамадзянства страчваў творчы чалавек, гэта прыводзіла да поўнай забароны на ўсё ім створанае. Фільмы апальных рэжысёраў здымаліся з пракату, карціны вывозіліся з музеяў, кнігі знікалі з бібліятэк. Для сучаснага чалавека спіс людзей, пазбаўленых нацыстамі грамадзянства, выглядае вельмі ганаровым: у яго трапіла вельмі шмат выбітных навукоўцаў, палітыкаў, дзеячаў культуры. Сярод іх — фізік Альберт Эйнштэйн, пісьменнікі Эрых Марыя Рэмарк і Стэфан Цвейг, драматург Бертальд Брэхт, філосаф і палітолаг Ханна Арэнт, будучы знакаміты канцлер ФРГ Вілі Брант.
Пазбаўляючы людзей грамадзянства, нацысты не абмяжоўваліся аднымі толькі палітычнымі і ідэалагічнымі праціўнікамі, якія з розных прычын аказаліся за межамі дасяжнасці. З 39 тысяч пазбаўленых грамадзянства больш за палову «правініліся» перад рэжымам Гітлера тым, што былі габрэямі. У 1935 годзе «Закон пра грамадзяніна Рэйха» наўпрост вызначыў, што «габрэй не можа быць грамадзянінам». Стаўшы (на законных падставах!) асобамі без грамадзянства, габрэі фактычна аказаліся людзьмі па-за законам. Ім забаранялася наведваць тэатры і бібліятэкі, працаваць у органах юстыцыі, лячыць «арыйцаў». А шлюбы ці пазашлюбныя сувязі такіх «неграмадзян» з «паўнавартаснымі» грамадзянамі караліся катаржнымі працамі. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны нацысты сталі дэпартаваць неграмадзян-габрэяў з тэрыторыі Германіі на акупаваныя землі Польшчы і СССР — там іх чакала амаль немінучая смерць у канцлагерах.
Пасля разгрому нацысцкай Германіі і падзення гітлераўскага рэжыму ў ФРГ быў прыняты закон, згодна з якім нямецкае грамадзянства вярталася ўсім, хто быў пазбаўлены яго ў нацысцкія часы, калі яны вырашаць вярнуцца на радзіму. У сучаснай Германіі пазбаўленне грамадзянства забароненае законам.
Як мянялася жыццё пазбаўленых грамадзянства людзей
Эміграцыя насуперак сваёй волі з роднай краіны ніколі не была простым і прыемным працэсам. Калі пасля прыходу Гітлера да ўлады з Германіі хлынулі тысячы не згодных з новым рэжымам немцаў, іх далёка не ўсюды прымалі гасцінна. Масавы ад’езд палітычных уцекачоў з Трэцяга Рэйха за яго межамі доўгі час уяўляўся многім нейкай блазнотай, капрызамі распешчанай публікі — бо ў першую чаргу выязджалі людзі, у якіх было дастаткова для гэтага сродкаў.
Эмігранты, што збеглі ад нацыстаў, упарта расказвалі пра злачынствы рэжыму і папярэджвалі, што ў будучыні гэтыя злачынствы набудуць большы размах. Але іх асабліва не слухалі аж да верасня 1939 года, калі Германія развязала Другую сусветную вайну. Згаданы вышэй драматург Бертальд Брэхт так апісаў працэс выгнання прыхільнікамі Гітлера нн згодных з яго дыктатарскімі замашкамі немцаў: «Першай краінай, якую заваяваў Гітлер, была Германія; першым народам, які ён прыгнятаў, быў нямецкі народ. Няправільна казаць, што ўся нямецкая літаратура пайшла ў выгнанне. Лепш было б сказаць, што нямецкі народ быў выгнаны».
Толькі ў 1933 годзе, адразу пасля прыходу нацыстаў да ўлады, краіну пакінулі 53 тысячы грамадзян, з якіх 37 тысяч былі габрэямі. Астатнія 16 тысяч былі немцамі, якія, як пісаў Клаўс Ман, «не маглі дыхаць паветрам у нацысцкай Германіі» (гэтае пачуццё знаёмае многім сучасным беларусам). Некаторыя з інтэлектуалаў, якія пакідалі краіну, таксама не хацелі быць памагатымі злачынстваў рэжыму.
Усяго з 1933 па 1945 год з Германіі эмігравала каля 500 тысяч чалавек. Большасць немцаў бегла ў спешцы, часам без дзейнага пашпарта, без буйных сумаў грошай (дазволеная ўладамі для вывазу сума скарацілася з 1933 да 1940 года з 1200 да 40 марак — пры гэтым сярэдняя зарплата нямецкага рабочага ў сярэдзіне 1930-х была роўная 130 маркам). Сярод эмігрантаў панавала ілюзія, што яны хутка вернуцца, бо бесчалавечны нацысцкі рэжым проста не можа пратрымацца доўга.
Жыццё ўсіх уцекачоў з Германіі было вельмі няпростым, а ў тых, каго пазбавілі грамадзянства, магло ператварыцца ў сапраўднае пекла. Людзі без пашпартоў аўтаматычна выклікалі недавер — а ў свеце па меры набліжэння Другой сусветнай нарастала германафобія. Акрамя таго, некаторыя краіны — такія як Швейцарыя — выдавалі «нелегальных» мігрантаў гестапа. Яшчэ цікавей зрабіў Савецкі Саюз. У перыяд саюзніцкіх адносін з нацыстамі ў 1939−1940 гадах (пасля падпісання пакта Молатава — Рыбентропа) НКУС выдаў гестапа больш за 300 бежанцаў-антыфашыстаў, якім СССР спачатку даў прытулак, — напрыклад, Макса Цукера (забітага ў 1941 годзе ў гета да смерці эсэсаўцамі), Эрнста Фабіша, забітага ў 1943 годзе ў Асвенціме, Маргарэту Бубер-Нойман (жонку аднаго з лідараў нямецкіх камуністаў Хайнца Ноймана, якога ў 1937 годзе расстралялі ў СССР).
Гісторык Гола Ман, сын Томаса Манна, пісаў пра стаўленне да нямецкіх эмігрантаў напярэдадні Другой сусветнай вайны: «Гітлераўскі рэжым не любілі, але тых немцаў, якія адпрэчвалі гітлераўскае панаванне і пратэставалі супраць яго, не любілі больш. Адсутнасць накіравання ў адпаведныя органы, адсутнасць дзейнага пашпарта заўсёды выклікала падазрэнні. Тыя ж пытанні: што менавіта вы хочаце тут? як доўга вы збіраецеся заставацца? калі вы едзеце? — мы так часта чулі, і не толькі з вуснаў чыноўнікаў».
Паэт-эмігрант і заснавальнік лонданскага «ПЭН-цэнтра нямецкіх пісьменнікаў у выгнанні» Макс Герман-Найсэ адзначаў, што «апазіцыю не любяць нідзе». А Клаўс Ман (яшчэ адзін сын знакамітага пісьменніка) расказваў, што неяк яму заявілі, што «ў прыстойнага грамадзяніна няма прычын бегчы са сваёй краіны, які б урад ні знаходзіўся ва ўладзе».
Калі нацысцкі рэжым толькі пачаў пазбаўляць сваіх «збеглых» апанентаў грамадзянства, большасць эмігрантаў паставілася да гэтага без асаблівага страху — і нават наадварот, з доляй іроніі і бравады. Яны казалі, што нацысты, пазбавіўшы іх грамадзянства, робяць ім гонар. Але вельмі хутка стала ясна, што гэтая «паслуга» — мядзведжая.
Калі ўнутры Германіі нацысты канфіскоўвалі ў дэнатуралізаваных грамадзян іх уласнасць, то па-за краінай яны пазбаўлялі іх сапраўдных дакументаў. А без іх у многіх краінах — напрыклад, у той жа Швейцарыі — станавіўся несапраўдным від на жыхарства. Большасць дзяржаваў не спяшалася даваць германскім уцекачам новае грамадзянства, якога трэба было чакаць, як правіла, ад трох да дзесяці гадоў. Калі нават такі немец атрымліваў афіцыйны статус бежанца, без сапраўднага пашпарта ён не мог атрымаць замежныя візы — а значыць, і перамяшчацца ў іншыя краіны.
Апісваючы жыццё ў «безграмадзянскай» якасці, Стэфан Цвейг адзначаў, што ўсе краіны з падазрэннем ставіліся да новага «гатунку» людзей без грамадзянства, якія зрабіліся ізгоямі. Бо іх нават нельга было ў крайнім выпадку дэпартаваць на радзіму. Выгнанцам у незразумелым статусе забаранялі працаваць — адпаведна, неяк забяспечыць сябе яны не маглі. Дазволы давалі ў рэдкіх выпадках, але і яны не вырашалі ўсіх праблем — калі эмігранты не ведалі іншых моваў, акрамя нямецкай, гэта рабіла для многіх недаступнымі іх былыя прафесіі (напрыклад, журналіста, тэатральнага крытыка або доктара).
Пісьменнік Герман Кестэн так расказваў пра сітуацыю, у якой аказаліся людзі, што свядома вырашылі не станавіцца памагатымі злачынстваў таталітарнага рэжыму: «Я не ведаю, у якой ступені тыя, хто ніколі не быў вымушаны пакідаць сваю краіну, могуць уявіць сабе жыццё ў выгнанні, жыццё без грошай, без сям'і, без сяброў і суседзяў, без роднай мовы, без дзейнага пашпарта, часта без пасведчання асобы або дазволу на працу, без краіны, гатовай прыняць выгнаннікаў. Хто можа зразумець гэтую сітуацыю: быць бяспраўным, адрынутым уласнай краінай, якая іх пераследуе, паклёпнічае і пасылае забойцаў праз свае межы, каб забіць іх?»
Жыццю нямецкіх эмігрантаў у Еўропе падчас знаходжання нацыстаў ва ўладзе прысвечаны раман Эрыха Марыі Рэмарка «Палюбі бліжняга свайго» — у ім трагедыя гэтых людзей апісаная ў дэталях.
Якую ролю нямецкія апатрыды адыгралі для Еўропы і для Германіі
Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, нямецкія ўцекачы, многія з якіх былі пазбаўленыя грамадзянства, адыгралі важную ролю для перадваеннай Еўропы. Тыя з іх, у каго была такая магчымасць, працягвалі пісаць кнігі, артыкулы ў часопісы і газеты, выступалі па радыё і ўсімі сіламі спрабавалі расказаць астатнім еўрапейцам пра бесчалавечную сутнасць дыктатарскага рэжыму, які захапіў іх краіну. Цягам некалькіх гадоў голас мігрантаў быў адзінай крыніцай дакладнай інфармацыі пра маштабы нацысцкага тэрору і пра становішча ўнутры Германіі ў цэлым. У тым, што Еўропа іх пачула занадта позна, віны нямецкіх уцекачоў няма.
Адзначым, што пазбаўленне грамадзянства часта выходзіла бокам і самім нацыстам. У першай палове 1930-х гадоў нобелеўскі лаўрэат Томас Ман дыстанцыяваўся ад адкрытай барацьбы супраць новых нямецкіх уладаў. Сам ён жыў у Швейцарыі, але спрабаваў балансаваць паміж статусам нямецкага пісьменніка, кнігі якога ўсё яшчэ друкаваліся і прадаваліся ў Германіі, і статусам эмігранта. Але пасля таго, як нацысты пазбавілі яго грамадзянства, спачатку апалітычны Ман фактычна зрабіўся лідарам эміграцыі, абараняў немцаў-уцекачоў і ўвесь час нагадваў свету пра «іншую» Германію, якая працягвае жыць — але ўжо па-за яе тэрытарыяльнымі межамі.
У 1939 годзе ён так напісаў пра немцаў, якія захоўвалі лаяльнасць да нацысцкага рэжыму: «Яны мяне не любяць, што ж, хай будзе так. Я таксама не люблю іх, мы разлічыліся. Яны думаюць, што Германія — гэта яны, але Германія — гэта я. Хай загіне ўсё астатняе — і карані, і атожылкі, але яна ацалее і будзе жыць ува мне».
Менавіта нямецкія эмігранты — ворагі нацысцкага рэжыму дапамаглі свету не скаціцца да такой яўнай германафобіі, якая мела месца ў гады Першай сусветнай вайны. Амерыканская, брытанская і савецкая прапаганда імкнуліся падтрымліваць розніцу паміж «нацыстамі» і «немцамі». У Вялікабрытаніі ў 1939 годзе на пытанне «Хто наш галоўны вораг — народ Германіі ці нацысцкі ўрад?» толькі 6% адказвалі «народ». У 1940 годзе (падчас страшнай паветранай «Бітвы за Брытанію») гэтая доля павялічылася да 50%, але потым зноў прыкметна знізілася. А ў СССР Сталін пісаў, што «было б смешна атаясамліваць хеўру Гітлера з германскім народам, з германскай дзяржавай. Досвед гісторыі кажа, што Гітлеры прыходзяць і адыходзяць, а народ — <…> застаецца». Гэта той выпадак, калі з савецкім дыктатарам складана не пагадзіцца.
Дзе яшчэ ўлады пазбаўлялі грамадзянства сваіх палітычных праціўнікаў
Пазбаўленне грамадзянства (дэнатуралізацыя) нават у масавым парадку не вынаходка нацыстаў. У гады Першай сусветнай вайны яно выкарыстоўвалася, напрыклад, у Францыі. Праўда, там не маглі пазбаўляць грамадзянства людзей, якія атрымалі яго па праве нараджэння, а абмяжоўваліся выхадцамі з варожых краін — напрыклад, Германіі, — якія атрымалі французскае грамадзянства перад вайной, але пры гэтым не адмовіліся ад свайго першага грамадзянства.
Дэнатуралізацыя была досыць шырока распаўсюджаная ў перыяд паміж сусветнымі войнамі, але пасля Другой сусветнай вайны пачала «выходзіць з моды» і ў сучасных развітых дзяржавах выкарыстоўваецца звычайна як экстраардынарная мера. Напрыклад, у дачыненні да асобаў, якія ўчынілі або былі датычныя да здзяйснення тэрарыстычных актаў ці атрымалі грамадзянства падманным шляхам.
З 1921 года пазбаўленне грамадзянства было вельмі распаўсюджаным у Савецкай Расіі і СССР. Тут з 1927 года яно лічылася відам крымінальнага пакарання. Чалавек мог перастаць быць савецкім грамадзянінам, напрыклад, за самавольны (без дазволу савецкай улады) выезд за мяжу — або за адмову вярнуцца на радзіму на яе патрабаванне. А ў 1933 годзе савецкага грамадзянства агулам пазбавілі ўсіх былых падданых Расійскай імперыі, якія апынуліся за мяжой пасля захопу ўлады бальшавікамі і атрымалі альбо спрабавалі атрымаць замежнае грамадзянства. У цэлым у СССР пазбаўленне грамадзянства часта выкарыстоўвалася для барацьбы з іншадумствам і як форма рэпрэсій.
Толькі ў 1958 годзе пазбаўленне грамадзянства знікла з савецкага крымінальнага заканадаўства, пасля чаго выкарыстоўвалася як экстраардынарная мера «канстытуцыйнай адказнасці», якую мог выкарыстоўваць найвышэйшы орган улады — Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР. Але і гэтага хапіла, каб пазбавіць савецкага грамадзянства «антысаветчыкаў»: дырыжора Міхаіла Растраповіча, спявачку Галіну Вішнеўскую, філосафа Аляксандра Зіноўева, пісьменнікаў Аляксандра Салжаніцына, Уладзіміра Вайновіча, Васіля Аксёнава. У 1990 годзе ўказам прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова савецкае грамадзянства вярнулі практычна ўсім, хто страціў яго ў перыяд паміж 1966 і 1988 гадамі.
Чытайце таксама


