У крыві памерлых ад атручання дзяцей у Краснаярскім краі Расіі знайшлі рэчыва ад насякомых. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце РФ.
У межах расследавання крымінальнай справы следства атрымала папярэднія вынікі судова-хімічнай экспертызы і лічыць, што траплянне ў арганізм дзяцей кампанентаў інсектыцыднага нявысветленага сродку прывяло да іх гібелі.
«Сёння прыярытэтная версія — гэта версія атручання дзяцей інсектыцыдным сродкам, кампаненты якога знойдзеныя ў целах загінулых», — расказаў кіраўнік упраўлення крыміналістыкі ДСУ СК Расіі па Краснаярскім краі і Рэспубліцы Хакасія Арцём Кротаў.
Ён дадаў, што следчыя таксама знайшлі труп кацяняці, што жыло ў доме атручанай сям'і, у яго на поўсці знайшлі такое ж рэчыва.
«Акрамя таго, падчас расследавання выяўлена, што ў доме, дзе жылі загінулыя, таксама жыло кацяня. Яно таксама загінула. Падчас следства следчыя знайшлі на сметніку труп кацяняці. Ветэрынарнай службай Краснаярскага краю праведзенае ўскрыццё, забраныя ўзоры поўсці, унутраных органаў, і, паводле папярэдніх звестак, ужо на поўсці кацяняці знойдзеныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад інсектыцыднага сродку», — дадаў Кротаў.
Правядзенне экспертыз і расследаванне справы працягваюцца.
Тым часам сваякі сумняваюцца ў гэтай версіі. Паводле брата бацькі загінулых дзяцей, жыхары вёскі, дзе жыве сям’я, шукаюць іншыя версіі, каб «людзі ведалі, чаго баяцца».
Нагадаем, што сям’я з шасці чалавек (двое бацькоў і чацвёра дзяцей) 20 верасня павячэрала пельменямі і курыцай, а раніцай 21 верасня ўсім стала кепска. Яны выклікалі хуткую, іх шпіталізавалі. 21 верасня памерла 6-гадовая дзяўчынка і 13-гадовы хлопчык, 22 верасня — 11-гадовая дзяўчынка, у начны час 23 верасня — 12-гадовая дзяўчынка. Калі цяжарная маці і бацька дзяцей прыйшлі ў сябе ў бальніцы, яны расказалі таксама, што ў той вечар апрацоўвалі дом сродкам ад насякомых (дыхлафосам). Пасля гэтага следчыя пачалі разглядаць версію таго, што атручанне адбылося не праз ежу, а праз выкарыстанне сродку ад насякомых.
Чытайце таксама