На адлегласці прыкладна 30 км ад МКАД знаходзіцца Рудзенск — невялікі горад-спадарожнік беларускай сталіцы. Дабрацца адтуль да Мінска можна за 40 хвілін на электрычцы ці маршрутцы. Улады збіраліся будаваць у Рудзенску жыллё, але развіццё горада прыпынілі (на карысць Смалявічаў) — маўляў, гэта эканамічна немэтазгодна, але абяцаюць, што працы там пачнуць пазней. Цяпер у гэтым населеным пункце ёсць выстаўленыя на продаж кватэры. Праўда, прапановаў менш за дзесяць. «Люстэрка» паглядзела, што за нерухомасць там прадаюць. Спойлер — цэны значна ніжэйшыя за сталічныя.
На першым паверсе ў цагляным двухпавярховіку (ён пабудаваны ў 1990 годзе) на вуліцы Дукорскай прадаецца трохпакаёвая кватэра. Жыллё займае амаль 61 «квадрат», жылая плошча складае 36,5 м², кухня — 8,3 м². Вокны кватэры выходзяць на розныя бакі.
У кватэры — раздзельны санвузел, ёсць лоджыя і кладоўка. Таксама можна карыстацца сухім падвальным памяшканнем, сараем і ўчасткам.
Паведамляецца, што жыллё адрамантаванае. Стаяць металічныя ўваходныя дзверы, вокны ПВХ, ёсць бойлер, у калідоры — вялікая шафа-купэ. Мэбля часткова застаецца ў падарунак пакупнікам.
Цяпер кватэра прадаецца за 86 518 рублёў, або 26 900 даляраў (1422 рублі, або 442 даляры за м²). У сярэдзіне ліпеня за гэтае жыллё хацелі атрымаць 112 249 рублёў, або 34 900 даляраў.
На продаж выстаўленая яшчэ адна трохпакаёўка, яна таксама размешчаная на першым паверсе двухпавярховага цаглянага дома, пабудаванага ў 1980 годзе. Жыллё плошчай 60 «квадратаў», з іх 48 м² займаюць жылыя памяшканні, кухня — 10 м².
У кватэры ёсць цэнтральнае водазабяспечанне, цвёрдапаліўны кацёл. Ацяпленне разведзенае па ўсёй кватэры. Як гаворыцца ў абвестцы, вонкавыя батарэі з чыгуну добра трымаюць цяпло.
Каля дома ёсць участак, абгароджаны дэкаратыўным бетонным плотам.
Кватэру прапануюць набыць за 54 355 рублёў, або 16 900 даляраў (907 рублёў, або 282 даляры за м²).
Трохпакаёвая кватэра прадаецца на вуліцы Ленінскай. Жыллё размешчанае на першым паверсе цаглянага двухпавярховіка, пабудаванага ў 1978 годзе.
Агульная плошча жылля — 57,2 м², жылыя пакоі займаюць 34,3 м² (два пакоі ізаляваныя), кухня — крыху большая за сем «квадратаў».
У кватэры стаяць уваходныя металічныя дзверы, вокны ПВХ. Ёсць бойлер, сумешчаны санвузел. Побач з домам — гараж, хлеў і агарод.
Кошт жылля — 99 705 рублёў, або 31 000 даляраў (1743 рубля, або 542 даляры за м²).
Двухпакаёвая кватэра прадаецца на вуліцы Маркса, яна знаходзіцца ў аднапавярховым бярвеністым доме, які пабудавалі ў 1938 годзе.
Агульная плошча жылля — 41,7 м², жылая — 22,5 м², кухня займае 15,5 м². Ёсць сумешчаны санвузел.
Таксама ёсць прыбудова з газасілікатных блокаў. У доме цэнтральнае ацяпленне і водаправод. Каналізацыя мясцовая.
Нерухомасць прадаюць за 73 975 рублёў, або 23 000 даляраў (1775 рублёў або 552 даляры за м²).
Двухпакаёвая кватэра прадаецца на вуліцы Школьнай, яна знаходзіцца ў бярвеністым доме 1939 года пабудовы. Агульная плошча жылля складае амаль 64 «квадраты», жылая — 50,4 м².
У кватэры ёсць падвал, побач з домам — хлеў. Жыллё прадаюць з мэбляй — сталамі, крэсламі, канапай, тахтой. Таксама новаму ўладальніку пакінуць лядоўню.
У доме ёсць вадзяное ацяпленне, электрычнасць, праведзеная вада. Газ падаецца праз балон.
Жыллё прадаюць за 36 987 рублёў, або 11 500 даляраў (579 рублёў, або 180 даляраў за м²).