Былы кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас знайшоў новую працу — пра гэта сведчыць распараджэнне ўрада Расіі ад 2023 года пра вылучэнне кандыдатаў у якасці прадстаўнікоў РФ у назіральны савет і рэвізійную камісію «Рассельгасбанка». У спісе ёсць прозвішча Румаса і пазначанае яго месца працы, піша «Наша Ніва».
Мяркуючы з дакумента, Сяргей Румас працаўладкаваны ў медыцынскім цэнтры сваёй жонкі Жанны — Proud Clinic (ТАА «ПрымаМед груп») на пасаду дарадцы. Імаверна, ён фінансавы кансультант, бо медыцынскай адукацыі ў яго няма, але ёсць навуковая ступень па эканоміцы: Румас — кандыдат эканамічных навук, таксама раней ён доўга працаваў у банкаўскай сферы.
Румас пакінуў пасаду прэм’ер-міністра ў чэрвені 2020 года. Пасля гэтага ён з’ехаў на нейкі час за мяжу, жыў у Вялікабрытаніі і Казахстане.
У красавіку 2021 года стала вядома, што Румас увайшоў у склад назіральнага савета «Рассельгасбанка».