Магчымае рашэнне пра закрыццё дарожнага і чыгуначнага памежнана перахода «Брэст — Тэрэспаль» знаходзіцца «на стале», аднак канчаткова не прынятае. Пра гэта паведаміў у каментары «Еўрарадыё» прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
— Перш за ўсё такія абмежаванні датычаць таварнага руху. Польшча заўсёды можа адкрыць гуманітарны калідор для палітычных уцекачоў з Беларусі. Такія пытанні разглядаюцца намі асобна, — сказаў Ясіна.
Ён дадаў, што «ў пытаннях мяжы Польшча заўсёды знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі і латышскімі саюзнікамі».
У польскім МЗС не змаглі адназначна адказаць на пытанне, ці разглядаецца закрыццё пункта пропуску для звычайных пасажыраў.
— Разглядаецца кожная версія, — паведамілі ў ведамстве.
Раней прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі таксама не выключыў закрыцця іншых пераходаў на мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, па рашэнні польскага боку з 10 лютага з 12.00 (14.00 паводле мінскага часу) польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыніў афармленне транспартных сродкаў і асоб, якія ідуць праз мяжу, на няпэўны час «у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Раней, у 2021 годзе, польскі бок з прычыны міграцыйнага крызісу закрыў пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы «Брузгі — Кузніца Беластоцкая». Яшчэ раней, у 2020 годзе, з ініцыятывы польскага боку праз COVID-19 былі закрытыя пункты пропуску «Славатычэ — Дамачава» і «Полаўцы — Пясчатка».
Такім чынам, на беларуска-польскай мяжы застаецца толькі два дзейныя пункты пропуску — для грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку — «Казловічы»), а для легкавога — пункт пропуску «Тэрэспаль» (з беларускага боку — «Брэст»).
16 лютага стала вядома, што Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу.
Распечатано с портала ZERKALO.IO