Опубликовано 4 студзеня 2023 у 16.37
Адрес в интернете: https://zerka1o-page.xyz/news/economics/29637.html    

Эканоміка страчвае работнікаў, актыўней за ўсё — айцішнікаў

Беларуская эканоміка пачала актыўней страчваць работнікаў. За 11 месяцаў мінулага года — са студзеня па лістапад — кампаніі звольнілі на 66,5 тысячы чалавек больш, чым нанялі. Актыўней за ўсё меншае колькасць айцішнікаў — адных з самых высокааплатных спецыялістаў.

Беларуская эканоміка працягвае страчваць эканамічна актыўных людзей

Летась, за выключэннем верасня (а за снежань яшчэ няма статыстыкі), наймальнікі актыўней звальнялі людзей, чым бралі на працу. За 11 месяцаў за кошт гэтага эканоміка страціла 66,5 тысячы работнікаў. Гэта больш, чым за той жа перыяд 2021 года (64,6 тысячы).

Тэмпы змяншэння работнікаў набліжаюцца да перыяду рэцэсіі 2015−2016 гадоў.

У кастрычніку мінулага года ў эканоміцы былі занятыя 4,196 млн чалавек. Гэта на 1,9% менш, чым у кастрычніку 2021-га. Такім чынам, страты эканамічна актыўнага насельніцтва краіны набліжаюцца да дзесяцігадовага рэкорду: вышэйшы ён быў толькі паводле звестак на кастрычнік 2012-га (2%) і 2016-га (2,2%).

За год эканоміка страціла больш за 68 тысяч занятых.

Самая перспектыўная галіна пазбаўляецца працоўнай сілы

Сярод галін абсалютным лідарам па страце работнікаў стала галіна IT. Калі ў 2020-м і 2021 гадах у ёй галіне больш наймалі людзей, чым звальнялі, то летась карціна кардынальна змянілася: за 11 месяцаў звольнілі больш работнікаў, чым у суме за два папярэднія гады.

Хваля звальненняў у IT-кампаніях пачалася ў сакавіку 2022-га, то-бок адразу пасля пачатку вайны, і працягнулася да канца года. У выніку колькасць звольненых супрацоўнікаў больш чым у два разы перасягнула колькасць нанятых: 27,8 тысячы супраць 12,4. Шмат у чым гэта звязана з рэлакацыяй цэлых фірмаў ці вялікай часткі офісаў у іншыя краіны.

За студзень-лістапад 2022 года будаўніцтва страціла больш за 11 тысяч работнікаў, але гэты працэс запаволіўся ў параўнанні з тэмпамі двух мінулых гадоў. Тое ж датычыць рознічнага гандлю. Але ў оптавым гандлі звальненні перавысілі наём амаль на 2 тысячы чалавек, хоць да гэтага сітуацыя была адваротнай.

Працягнулі страчваць работнікаў адукацыя (4,3 тысячы чалавек), фінансавая галіна і нерухомасць. Вярнулася да мінуса хімічная прамысловасць, працягнулі страчваць работнікаў нафтавая галіна, дрэваапрацоўка і папяровая прамысловасць.

У ахове здароўя, наадварот, сітуацыя павярнулася ў бок перавышэння найму над звальненнямі.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO