«Перанёсся на пару стагоддзяў назад». Салігарчанін працягнуў падарожжа па краіне, якой кіруе «Талібан» — вось дзе яшчэ пабываў
29 красавiка 2025 у 1745940600
Аляксандр Гойшык⠀ / «Зеркало»
У канцы верасня 2024 года салігорскі падарожнік Аляксандр Гойшык наведаў краіну, якой кіруе ісламісцкая групоўка «Талібан». Уражанняў ад Афганістана за некалькі дзён назбіралася столькі, што расказаць усё ў адным тэксце не атрымалася. Беларус ужо расказваў, як трапіў на допыт на ўездзе ў краіну, як пабачыў разбураныя савецкія танкі і піў гарбату з мясцовымі і талібамі. Што было далей - чытайце ў гэтым матэрыяле.
«Добры дзень! Пройдзем з намі!», альбо Асаблівы сэрвіс па-афганску
Пасля некалькіх дзён у сталіцы Афганістана Кабуле і потым Баміяна надышоў час развітацца з Джавані, які ехаў у іншы бок. З ім мы выпадкова сустрэліся ў Пакістане і разам павандравалі паўтара тыдня па Афганістане. Цікавае і карыснае для нас абодвух атрымалася знаёмства, мы падтрымліваем сувязь.
З Баміяна я скіраваўся ў Газні, а Джавані вярнуўся ў Кабул. Працягваючы падарожжа самастойна, я паспрабаваў праехацца аўтастопам. Аказалася, што ў Афганістане гэта вельмі цяжка: усе машыны перагружаныя, практычна няма вольных месцаў, ніхто не гаворыць на англійскай і ўсе просяць грошай. 150 кіламетраў я ехаў гадзінаў пяць. Дорога рамантуецца, на вельмі вялікіх адрэзках у дзясяткі кіламетраў проста зрэзаны асфальт, машыны вельмі павольна едуць па камянях, у пыле. Даехаў да Газні позна вечарам. Там у мяне быў хост - спачатку ён прыняў мой запыт, але ў апошні момант адмовіўся: сказаў, што баіцца праблем з талібамі. Дзякуючы iOverlander хутка знайшоў гатэль, дзе засяліўся за дзесяць даляраў. Стомлены і запылены, я марыў толькі пра душ і сон.
Наступны дзень пачаўся вельмі рана - а сёмай раніцы ў дзверы майго нумара настойліва пагрукалі. Гэта былі талібы разам з прадстаўніком Міністэрства турызму. Мне сказалі, што неабходна прайсці з імі для рэгістрацыі. Я быў гатовы да такога павароту - чытаў пра гэта на форумах, таму не надта здзівіўся. Усё аформілі даволі хутка і нават прапанавалі экскурсію па горадзе. Я ветліва адмовіўся - шчыра кажучы, не хацеў гуляць у кампаніі талібаў.
Выправіўся на прагулку сам. Хост, які адмовіўся мяне прыняць, прапанаваў паказаць горад, але і гэта сарвалася. Напісаў: «Прабач, я не магу. Калі мяне ўбачаць разам з табой, будуць праблемы. Я баюся». Гэта дадало яшчэ больш глыбіні маім уражанням пра сучасны Афганістан - краіну, дзе страх, гасціннасць і штодзённае жыццё змешваюцца ў адну складаную рэальнасць.
У старым горадзе крэпасць на ўзгорку, глінабітныя дамы, разбітыя савецкія танкі, дзеці, што лазяць па іх, нібыта па гульнявых пляцоўках. Пыл, заклікі да намазу з мячэцяў, вузкія вулачкі глінабітных хатак - адчувалася, што час тут спыніўся. Здавалася, што я перанёсся на пару стагоддзяў назад.
Знаёмства са сталіцай «Талібана»
Паўдня пагуляў па Газні і вырашыў ехаць далей - у Кандагар, галоўны горад Талібана. Аўтобус туды адпраўляўся, а пятай вечара. Адлегласць у 350 км мы пераадольвалі больш за дзесяць гадзін з перапынкамі на намаз і вячэру. Дорога таксама была жахлівая: асфальт зрэзаны на дзясяткі кіламетраў, усё навокал затопленае пылам, нібы едзеш праз туман. Я зрабіў памылку - паклаў вялікі заплечнік у багажны адсек. Калі глыбокай ноччу мы нарэшце дабраліся да Кандагара, ён выглядаў як вялікая куча пылу. Давялося ўсё праць.
Высадзілі нас на ўездзе ў горад, у парку, дзе спалі кіроўцы фураў. Хост у Кандагары не адказваў, таму я вырашыў падрамаць там, пакуль развіднее. Развесіў гамак і заснуў. Але ўжо з першымі прамянямі сонца мяне разбудзіў зусім збянтэжаны таліб:
- Хто ты такі? Што ты тут робіш? Чаму спіш у парку?
На шчасце, акурат у гэты момант напісаў мой хост. Я растлумачыў сітуацыю, і ўжо праз некалькі хвілін ён прыехаў. Да таго часу вакол мяне сабралася цэлая талібанская «нарада» - не маглі зразумець, што са мной рабіць. Хост патлумачыў ім на пушту, што я ягоны госць і сябар, і мяне адпусцілі. Шчыра кажучы, ужо пачала надакучваць гэтая пастаянная патрэба тлумачыць, паказваць дазволы, асабліва калі нават тыя, хто правярае, не заўжды могуць іх прачытаць, хаця яны выпісаныя на іх мове! Але сваю ўладу паказваюць спраўна…
Мой хост - малады хлопец з добрай англійскай, выпускнік турэцкага ўніверсітэта. Ён працуе інжынерам на старой тэкстыльнай фабрыцы, якую пабудавалі яшчэ савецкія спецыялісты да ўварвання СССР. Завод прастаяў закансерваваны больш за сорак гадоў, але новая ўлада вырашыла яго аднавіць. Унутры там усё выглядала як рэха мінулага. Некаторыя станкі зробленыя ў Ташкенце ў 1976 годзе. На маё пытанне, як яны збіраюцца працаваць на такім старым абсталяванні (яшчэ і з пастаяннымі праблемамі з электрычнасцю), мой новы знаёмы толькі развёў рукамі. Заробкі смешныя: каля 100 даляраў у звычайных рабочых, інжынеры атрымліваюць 300.
Потым мы паехалі атрымліваць абавязковую рэгістрацыю для гэтай правінцыі. Але тут яна мне не асабліва дапамагла - у гістарычную мячэць не пусцілі, бо я не мусульманін. Непадалёк знаходзіцца прыгожы маўзалей, выяўлены на банкноце 20 афгані - яго наведалі без праблем. Потым заглянулі ў прыгожы гранатавы сад сябра майго хоста.
Кандагар пакінуў дзіўнае ўражанне. Гэта галоўны горад Талібана, апора супраціву падчас «амерыканскай акупацыі», як тут кажуць. Баявыя дзеянні тут не спыняліся. Мой хост расказаў, як некалі насупраць амерыканскай базы (недалёка ад яго дома) падарваўся грузавік з выбухоўкай, і пасля ішлі вулічныя баі - цэлых 12 гадзін. Цяпер ён гаварыў пра гэта амаль з гумарам…
Двух дзён на Кандагар мне хапіла, і вось чарговы начны аўтобус вязе мяне далей, у Герат. Да аўтавакзала зноў давялося дабірацца з іншага канца горада. Гэта такая афганская фішка - аўтобусы ў розныя напрамкі адыходзяць з супрацьлеглых канцоў. Кіроўца таксі аказаўся настаўнікам матэматыкі, таму трошкі размаўляў па-англійску.
Прагрэсіўны Герат і прыгоды з афганскім банкам
Аўтобус да Герата аказаўся надзіва камфортным - я б нават сказаў, з элементамі «павышанай камфортнасці»: зручныя крэслы, працавала вентыляцыя, ехалася лёгка. Дарога таксама была адносна добрая, таму даехалі хутка. Але, натуральна, не без праверак на блокпастах. Маладыя талібы заходзілі ў салон, правяралі дакументы.
Былі і камічныя моманты: гэтыя хлопцы часта не маглі прачытаць, што там напісана, і тады пасажыры самі ім перакладалі. Глядзіш на гэта - і сумна, і смешна адначасова. Атмасфера - трошкі напружаная, асабліва калі бачыш людзей з аўтаматамі, якія нічога не разумеюць у тваім пашпарце, бо трымаюць яго дагары нагамі. Але даехалі без праблем.
У Герат прыбылі ноччу - недзе апоўначы. Дарэчы, тут нейкая дзіўная логіка з рэйсамі: аўтобусы прыбываюць, калі ўсё ўжо зачыненае і глыбокая ноч, ні туды ні сюды. Да хоста ехаць сярод ночы таксама не прынята. Таму я вырашыў паспрабаваць лайфхак, пра які даведаўся з групы ў Whatsapp: самы танны начлег можна знайсці ў чайхане. Гэта такія вялікія сталоўкі, дзе ўдзень можна добра і танна паесці, а ўначы там проста раскладваюць матрацы, і можна пераначаваць разам з іншымі. З выгляду - звычайная сталоўка, а на справе - танны начлег, цёплы і нават па-свойму ўтульны. За яго я аддаў недзе пяць даляраў.
Ежа ў Афганістане - гэта асобная гісторыя. Усё вельмі проста: асноўнае, што тут ядуць, - гэта кабульскі плоў і шашлык. Афганскі варыянт плову адрозніваецца інгрэдыентамі ад узбекскага ці таджыкскага, якія, дарэчы, унесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Шашлыкі - гэта асобны кайф: на вуголлі, невялікімі кавалкамі, са спецыяльнай прыправай, якая доўга трымаецца на паднябенні. Да гэтага падаюць ляпёшкі і зялёную гарбату, прычым у неабмежаванай колькасці.
Паесці можна вельмі танна: за адзін-два даляры ты ўжо сыты і задаволены. Таксама тут рай для аматараў салодкага: у Афганістане, як і ва ўсіх мусульманскіх краінах, кандытарка цудоўная. Рознае печыва, салодкія булкі, шарыкі ў сіропе - карацей, парад расліннага тлушчу і глюкозы. Асобна хачу згадаць свежыя сокі - гэта сапраўдная афганская фішка. Асабліва гранатавы - выціскаюць проста на тваіх вачах, без ніякіх прымешак, з жывога плоду. Надзвычайны смак, вітаміны, асвяжэнне - і ўсяго за паўдаляра. Таксама шмат сокаў з морквы, яблыкаў, манга - асартымент вялікі і заўжды натуральны. За няпоўныя два тыдні я, напэўна, назапасіў вітамінаў да канца падарожжа.
Пераначаваў у чайхане, а раніцай звязаўся з маім хостам - аказалася, што гэта дзяўчына. Даволі нечакана для Афганістана, дзе жанчыны часта пазбаўленыя базавых правоў, а адукацыя для іх увогуле забароненая ў многіх рэгіёнах. Але Герат - горад з іншым абліччам. Ён лічыцца адным з самых прагрэсіўных у краіне. Тут дзейнічаюць прыватныя школы, у тым ліку для дзяўчат, нават ёсць жаночы ўніверсітэт. У параўнанні з тым жа Кандагарам - неба і зямля. У Гераце жанчыны могуць выходзіць вонкі без поўнага закрыцця твару - тыя славутыя сеткі, праз якія цяжка бачыць, тут амаль не носяць. Атмасфера больш ліберальная, і гэта адчуваецца з першых хвілін.
На ўскраіне Герата мяне сустрэў брат маёй гаспадыні. Як і ва ўсіх дамах, дзе я спыняўся ў Афганістане, мне вылучылі асобны пакой з асобным уваходам. Гэта частка мясцовых звычаяў: каб госць не перасякаўся з астатняй сям'ёй, асабліва з жанчынамі. Мая гаспадыня - надзвычай цікаўная і гасцінная дзяўчына - паказала горад. Каб не выклікаць падазрэнняў, яна ўзяла з сабой сяброўку, і мы разам рушылі на прагулку.
Герат мяне адразу ўразіў: старажытная крэпасць, шыкоўныя мячэці, нават нейкая турыстычная выстава ў самым разгары, каларытныя крамкі і вулічныя базары. Усё дыхае жыццём, і, што асабліва прыемна, атмасфера там значна больш разняволеная, чым у Кандагары. Ніхто не правяраў маіх дакументаў, і гэта ўжо было вельмі прыемна.
Я вырашыў праверыць, ці сапраўды можна зняць грошы з банкаўскай карткі, пра што чытаў на падарожных форумах. Паспрабаваў у адным з банкаў, які раілі - і… картка знікла. Банкамат яе «з'еў». Гэта быў сапраўдны шок: картка - мая галоўная крыніца фінансавання ў падарожжы, не будзеш жа вазіць з сабою вялікія сумы грошай. Без яе працягваць вандроўку было б вельмі складана. Я стаяў як укапаны. Падышоў ахоўнік, спытаў, што здарылася, і спакойна адказаў:
- Не хвалюйся, бывае. Сёння пятніца - выходны. Прыходзь заўтра, усё аддадуць.
Мне зусім не верылася, што такое магчыма. У Еўропе, калі банкамат «з'еў» тваю картку, шанцаў яе вярнуць зусім няшмат, асабліва на наступны дзень - трэба замаўляць новую. Але мая гаспадыня таксама запэўнівала: «Не хвалюйся, усё будзе добра».
Увечары мы вярнуліся дадому. На вячэру мне прыгатавалі смачную хазарэйскую страву - макароны з бульбай. Нечакана простая, але вельмі смачная камбінацыя, якую я ўжо спрабаваў у Бам'яне. Уся малодшая частка сям'і сабралася разам - браты і сёстры з захапленнем слухалі мае аповеды і задавалі мноства пытанняў пра ўсё на свеце. Яны былі вельмі адкрытыя, усміхаліся, рабілі фота, падпісваліся на мой Instagram. Для іх я быў як акно ў іншы свет, і мне гэта было вельмі прыемна - адчуваць, што я магу адкрыць ім кавалачак іншага жыцця.
Наступнае раніцы ў банку мяне прыняў галоўны менеджар, які добра гаварыў па-англійску, ветліва папрасіў пашпарт і яшчэ адзін дакумент з фота. Я паказаў пасведчанне кіроўцы, запоўніў нейкі бланк, атрымаў кубак гарбаты з цукеркамі і пачакаў хвілінаў сорак. І здарыўся цуд - мне вярнулі маю картку! Літаральна не мог у гэта паверыць!
Бясконцая дарога ў пыле, Блакітная мячэць і развітанне з Афганістанам
Мазары-Шарыф стаў фінальным пунктам майго маршруту па Афганістане. Наперадзе была вельмі доўгая і складаная дарога - каля 20 гадзін у дарозе з перасадкай (зноў жа, глыбокай ноччу). Памятаючы, у якім стане быў мой заплечнік пасля паездкі ў Кандагар, я вырашыў быць разумнейшы - на мясцовым базары хацеў купіць звычайны пакет для смецця, каб туды яго запакаваць. Але прадаўцы проста падарылі яго са словамі: «Ты госць, бяры! Лёгкай дарогі!» Гэтая дробязь нечакана стала сапраўдным выратаваннем - заплечнік, абгорнуты і зафіксаваны скотчам, вытрымаў усе выпрабаванні дарогі.
Пераезд сапраўды аказаўся адным з самых цяжкіх за ўвесь час майго падарожжа: шматлікія аварыі ўздоўж дарогі, якая вельмі часта была звычайнай пыльнай грунтоўкай, глыбокія каляіны і ямы, адсутнасць асфальту на вялікіх участках, як і сувязі - усё гэта стварыла адчуванне поўнай адрэзанасці. Але праз 20 гадзін знясілення я нарэшце апынуўся ў Мазары-Шарыфе.
Горад сустрэў мяне адносным спакоем. Я спыніўся ў танным гатэлі, сем даляраў за ноч. З майго нумара адкрываўся прыгожы від на галоўную мясцовую славутасць - Блакітную мячэць. Гэты архітэктурны шэдэўр уваходзіць у спіс спадчыны ЮНЕСКА і лічыцца адным з галоўных сімвалаў Афганістана.
Першым чынам я пайшоў атрымаць мясцовую рэгістрацыю. На маё здзіўленне, у мясцовым аддзеле турызму мяне афармляў мужчына, які вучыўся ў Таджыкістане, таму свабодна размаўляў па-руску. У гэтым рэгіёне Афганістана большасць насельніцтва - этнічныя таджыкі, часта яны маюць родных на тым баку мяжы.
Атрымаўшы рэгістрацыю, я скіраваўся да Блакітнай мячэці. Я быў настолькі падобны да мясцовага, што ахоўнікі спачатку прынялі мяне за афганца. Але, заўважыўшы маю сумку, праверылі дакументы і скіравалі да асобнага ўваходу для замежнікаў, дзе трэба было запоўніць анкету, заплаціць пяць даляраў і атрымаць яшчэ адзін дазвол. Нават у пахмурнае надвор'е Блакітная мячэць уражвае. Яе аздоба, мазаікі, купалы - усё дыхае старажытнасцю, святасцю і маштабам. Гэта не проста турыстычны аб'ект, а частка калектыўнай ідэнтычнасці народа, які, нягледзячы на ўсе выклікі, захоўвае сваю культуру.
Гэта быў мой апошні вечар у Афганістане, наступным ранкам я скіраваўся да мяжы з Узбекістанам. Перад ад'ездам яшчэ зайшоў на мясцовую барахолку - сярод старых манет, значкоў і амулетаў знайшоў сувеніры, якія засталіся пасля вываду амерыканскіх войскаў: памятную манету і некалькі запальнічак Zippo з гравіроўкай. Пагандляваўшыся, купіў некалькі памятных дробязяў у падарунак сябрам.
Апошняе калектыўнае таксі да мяжы. Пераезд праз пункт пропуску прайшоў адносна лёгка. Пасля апошняй праверкі і штампа ў пашпарце я развітаўся з Афганістанам. «Ходафэс» (да пабачэння), краіна кантрастаў, прыгажосці і супярэчнасцяў!
Афганістан - месца, якое шмат у чым разбурыла мае шаблоны. Тут страх і гасціннасць існуюць побач, ты нібыта ўвесь час на мяжы: паміж небяспекай і зачараваннем, паміж варожасцю і шчырасцю, паміж руінамі і велічнай спадчынай. Гэта не гісторыя пра звычайны турызм, але час тут змяняе цябе знутры. Гэтае падарожжа адкрыла мне іншы ракурс погляду на свет, іншы рытм жыцця.
Калі мяне спытаюць, ці варта было, я адкажу: так, безумоўна. Хаця б дзеля таго, каб на ўласныя вочы ўбачыць краіну, пра якую ўсе гавораць, але амаль ніхто не ведае. Ці хацеў бы я вярнуцца? Напэўна. Але не адразу. За няпоўныя два тыдні Афганістан выцягнуў з мяне шмат - найперш эмацыйна. Усе гэтыя дазволы, блокпасты, пастаянная напружанасць - яны насамрэч з'ядаюць знутры, я гэта ўжо праходзіў у Венесуэле. І ўсё ж разумею, як неймаверна мне пашанцавала. Я трапіў сюды ў адносна спакойны перыяд, калі ўлады, няхай сабе і сімвалічна, спрабуюць развіваць турызм. Ці будзе такая магчымасць праз год, праз месяц, праз тыдзень? Ніхто не ведае. Гэта краіна, дзе ўсё можа змяніцца імкліва, літаральна за дзень.
Таму я паехаў далей, з пашанай у сэрцы і з надзеяй, што яшчэ некалі вярнуся. Міру табе і спакою, старажытны Афганістан. І вам, цудоўныя і гасцінныя афганцы!