Як даехаць да Літвы без шматгадзінных чэргаў на мяжы? Беларус падзяліўся лайфхакам
12 жнiўня 2024 у 1723464780
«Зеркало»
На межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза захоўваюцца доўгія чэргі з аўтобусаў і легкавікоў. Паводле інфармацыі з памежных чатаў, час перасячэння мяжы можа займаць дзясяткі гадзін. Беларус падзяліўся лайфхакам, які дазваляе абысці складанасці з паездкай як мінімум у Літву.
Для гэтага трэба купіць білет на любы з цягнікоў з Мінска да Калінінграда.
- Едзем да станцыі Чарнышэўскае - гэта на самай мяжы Калінінградскай вобласці з Літвой. Час у дарозе - 8,5 гадзіны. І гэта фактычны час, усё заўсёды па раскладзе і без спазненняў, - адзначыў ён. - Выходзіце з цягніка, і вы, па сутнасці, ужо на мяжы. Прычым мяжу з Літвой там можна перайсці нават пешшу, ніякіх чэргаў няма. З Кібартая ў Каўнас ці Вільнюс можна паехаць на электрычцы або на таксі.
А ёсць жа і аўтобусныя зносіны паміж Калінінградам і Вільнюсам, Варшавай, Гданьскам.
Прычым, паводле чутак, раней усё было яшчэ прасцей.
- Дарогай цягнік спыняецца на станцыях Кяна і Кібартай, дзе заходзяць літоўскія памежнікі і мімаходам правяраюць пашпарты. Час у дарозе ад Мінска да Кяны - усяго 3,5 гадзіны. А Кяна ўсяго за 25 км ад Вільнюса. Дык вось да 1 сакавіка гэтага года там можна было выйсці без праблем, проста паставіўшы памежніка перад фактам і паказаўшы візу, ці ВНЖ, ці пашпарт грамадзяніна ЕС або бязвізавай краіны. А вось з 1 сакавіка выхад у Кяне дазволены толькі ў выключных выпадках, - расказалі ў профільных чатах.
- Ехала гэтым маршрутам 7 жніўня з двума маленькім дзецьмі, дзвюма вялікімі валізкамі і вазком. Замовіла таксі на вакзале Чарнышэўскае, давезлі за 300 расійскіх рублёў (3 еўра) да КПП, прайшлі мяжу прыкладна за паўгадзіны, з Кібартая да Вільнюса ехалі на трансферы. Вельмі зручна, лёгка і хутка. Да гэтага думала, што гэта складаны маршрут, на сваім досведзе пераканалася ў адваротным. Галоўнае ўсё добра арганізаваць, - расказала тамсама дзяўчына.
Цягнікі з Мінска ў кірунку Калінінграда ходзяць штодня, білеты можна купіць нават на сённяшні, цана плацкарта - ад 111 рублёў.
Паводле звестак Дзяржпамежкамітэта, удзень 12 жніўня ў пунктах пропуску на выезд з Беларусі ў ЕС прастойвала амаль 900 легкавых аўто. З іх 520 чакала выезду ў Польшчу, 310 - у Літву (210 - у «Каменным Логу» і 100 - у «Беняконях»), 50 - у Латвію.
Што да аўтобусаў, то ў 14.00 чэргі ДПК фіксаваў толькі ў пункце пропуску «Брэст». Тут стаяў 61 аўтобус. У літоўскім кірунку затораў не адзначалася.