«Яна не піла, але, відаць, паехаў дах, раз яна такое зрабіла». Забойства чатырох дзяцей у Оршы — што журналісты даведаліся пра трагедыю
15 лютага 2024 у 1708020060
«Зеркало»
Выданні «Медыязона» і «Радыё Свабода» расказалі, што ім удалося даведацца пра трагедыю ў Оршы, дзе напярэдадні былі знойдзеныя мёртвымі чацвёра маленькіх дзяцей, у забойстве якіх падазраюць іх маці.
Як піша «Медыязона», гэта адбылося ў кватэры дома № 3 на вуліцы Завадскага. Ён быў здадзены ў 2017 годзе. Тады «Аршанская газета» пісала, што яго жыхарамі сталі «аршанцы, якія маюць права на сацыяльнае жыллё і патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў».
Менавіта там жылі шасцёра дзяцей і іх 36-гадовая маці. «Медыязона» высветліла, што яе завуць Ірына Куранкова.
Крыніца, блізкая да сям'і, сцвярджае, што дзяцей знайшла іх бабуля.
«Усе суседзі расказваюць, што яна адчыніла дзверы сваім ключом. Прыйшла, бо не магла датэлефанавацца. І ўбачыла там Ірыну ў крыві, бо тая спрабавала вены парэзаць. І дзяцей. Кажуць, яны ў шэраг ляжалі», - гаворыць суразмоўца.
Паводле крыніцы, у сям'і было шасцёра дзяцей: трое вучыліся ў школе № 20 у Оршы. Старэйшы сын - у 11 класе, яго брат - у восьмым, сястра - у першым. Яшчэ тром дзецям было ад года да пяці.
«Радыё Свабода» піша, што двое старэйшых дзяцей былі ў бабулі.
«Чацвярых яна забіла і спрабавала сама павесіцца, але не змагла і тады пачала рэзаць сабе вены. Так яе і затрымала міліцыя», - паведаміла адна з крыніц выдання.
У доме часта не было ежы для дзяцей
Паводле крыніцы «Медыязоны», Ірыну не бачылі п'янай, але часта быў п'яны яе муж. Крыніца сцвярджае, што ён збіваў яе, - знаёмыя бачылі яе з сінякамі ў дзіцячым садку. Цяпер ён знаходзіцца ў ЛПП - мужчыну адправілі туды прыкладна паўгода таму. Паводле інфармацыі былых сілавікоў з BELPOL, мужа Ірыны завуць Дзмітрый Куранкоў. З 2004 года ён працаваў зваршчыкам на заводзе «Легмаш» і больш за дзесяць разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Ірына працавала на Аршанскім ільнокамбінаце аператаркай машыннага абсталявання.
«Яна не піла, але, відаць, паехаў дах, раз яна такое зрабіла. Суседзі кажуць, што чулі крыкі з яе кватэры, але іх гэта не здзівіла, мабыць, таму, што там часта былі крыкі», - расказала крыніца «Радыё Свабода».
Паводле інфармацыі выдання, жанчыне многія жыхары Оршы дапамагалі рэчамі, прадуктамі, адзеннем для дзяцей. «Але яна часам паводзіла сябе дзіўна, магла выкінуць рэчы, якія ёй далі, бо ёй здавалася, што яе так сурочаць», - дадала крыніца.
Іншая крыніца сцвярджае, што жанчына наогул не пераймалася выхаваннем дзяцей, і пра іх больш клапаціліся сацыяльныя службы, садок і школа: «Ну як клапаціліся - часта наведвалі яе, у тым ліку і міліцыя. Але яна магла і дзверы не адчыніць і часта не адчыняла».
У сацыяльных сетках ёсць старонкі Ірыны, дзе няма амаль ніякай актыўнасці, але ёсць два чалавекі ў яе ў сябрах.
Нагадаем, 14 лютага ў Оршы знайшлі целы дзяцей ад 1 да 8 гадоў з прыкметамі задушэння. Іх 36-гадовая маці затрыманая па падазрэнні ў забойстве. Заведзеная крымінальная справа па ч. 1 і 2 арт. 139 КК (Забойства двух і больш асобаў, здзейсненае ў дачыненні да малагадовых).
У Генпракуратуры паведамілі, што ў няпоўнай сям'і выхоўваліся шэсць дзяцей. У іх былі розныя бацькі. Раней у дачыненні да сям'і тройчы праводзіліся сацыяльныя расследаванні. Апошняя праверка прайшла ў студзені. Па яе выніках вынеслі заключэнне, што ўсе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У ведамстве паведамілі, што бацькі «не задавальнялі асноўных жыццёвых патрэбаў дзяцей, не выконвалі рэкамендацый медыцынскіх работнікаў». Акрамя таго, у доме сістэматычна адсутнічала ежа, а бацькі дзяцей «вялі амаральны лад жыцця» і жылі асобна. Аднаго з іх раней адправілі ў лекава-працоўны прафілакторый.
Прадстаўнік Генпракуратуры таксама адзначыў, што на целах забітых дзяцей былі знойдзеныя сляды задушэння.