Віцебшчыну і Магілёўшчыну заліло паводкай — затапіла дамы, масты і дарогі. МНС паказала наступствы
27 сакавiка 2023 у 1679901900
«Зеркало»
У Віцебскай і Магілёўскай абласцях у выходныя дні рэкі выходзілі з берагоў - у некалькіх населеных пунктах вада накрыла не толькі вуліцы, але і дамы, дадаўшы працы ратавальнікам. У прэс-службе МНС расказалі пра паводкі і паказалі фота.
На Віцебшчыне ў нядзелю падняўся ўзровень вады ў рацэ Гараджанка: у Гарадку падтапіла ўчасткі вуліц Галіцкага, Зарэчанская, Перамогі і 3-і завулак Вакзальны. Усяго пад ваду сышло 35 падворкаў, залітыя 30 дамоў (у тым ліку 16 дачаў) і 80 гаспадарчых пабудоваў. Адселеныя 10 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей.
Ратавальнікам таксама давялося эвакуяваць з падтопленага дома пенсіянерку. На месца здарэння прыехала камісія па надзвычайных сітуацыях Гарадоцкага раёна - было вырашана падняць узровень вады на плаціне возера Кашо ў вёсцы Прудок, каб стрымаць прыток вады ў Гараджанцы.
Акрамя таго, у Віцебскай вобласці разліліся рэкі Ардышаўка і Чарніца, паводка накрыла аўтамабільныя масты каля вёсак Кучыншчына і Асіпенкі. Рака Лучоса затапіла прасёлкавую дарогу каля вёскі Александрыя ў Сенненскім раёне, Обаль - каля вёскі Жданаўка ў Шумілінскім.
Вада падымалася і ў рэках Магілёўскай вобласці. Бесядзь і Віхра, якія выйшлі з берагоў, затапілі трасу каля вёскі Калодліва Касцюковіцкага раёна, а каля вёскі Красны Бераг Мсціслаўскага раёна - не толькі дарогу, але і мост.