У Мінску суд прызнаў вінаватай 28-гадовую жанчыну, з віны якой у студзені гэтага года загінуў 8-гадовы хлопчык. Трагедыя адбылася на нерэгуляваным пешаходным пераходзе на вуліцы Касманаўтаў — кіроўца за рулём Ford F-150 адцягнулася на тэлефон і не заўважыла дзіцяці, піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на СК.
Паводле звестак следства, увечары 10 студзеня мінчанка везла дадому дачку сваёй сяброўкі. Нягледзячы на стомленасць і галаўны боль, яна села за руль бацькоўскага аўтамабіля. Едучы з невялікай хуткасцю (не больш за 23 км/г) і кепска арыентуючыся ў раёне, жанчына на некалькі секунд адцягнулася, каб запусціць навігатар на смартфоне. У гэты момант яна і страціла кантроль над дарожнай сітуацыяй.
Ford збіў хлопчыка, які разам з маці пераходзіў дарогу па пераходзе. Дзіця ішло крыху наперадзе. Маці заўважыла пікап і падумала, што кіроўца прытармозіць — машына ехала павольна. Але тармажэння не было. Жанчына закрычала сыну, і той паспрабаваў дабегчы да тратуара, але трапіў пад колы. Хлопчык памёр да прыезду хуткай.
Як высветлілася пазней, у аўтамабіля не было страхоўкі і дазволу на ўдзел у дарожным руху. Сама абвінавачаная з 2014 года мела правы кіроўцы. Яна афіцыйна працавала і выхоўвала дваіх малагадовых дзяцей. Жанчына прызнала віну і раскаялася.
Суд Маскоўскага раёна Мінска прызначыў жанчыне 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Таксама ёй забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі пяць гадоў. У дадатак яна абавязаная выплаціць кампенсацыю бацькам загінулага дзіцяці.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.