Паліцыя Варшавы (Польшча) затрымала беларуса, які пад наркотыкамі спрабаваў уцячы ад патрульных і ўчыніў ДТЗ. Пра здарэнне паведамляе MOST са спасылкай на Miejski Reporter.
Інцыдэнт адбыўся каля гадзіны ночы 4 траўня. Паліцэйскія спрабавалі спыніць BMW для праверкі, але кіроўца не падпарадкаваўся патрабаванням і паскорыўся, спрабуючы ўцячы ад вартавых парадку. Тыя пачалі пагоню.
На плошчы Pięciu Rogów кіроўца ўрэзаўся ў бетонную лаўку, кінуў аўтамабіль і паспрабаваў уцячы ад паліцыі. Але праз некалькі сотняў метраў, на плошчы Паўстанцаў Варшавы, яго ўдалося затрымаць. Паліцэйскім давялося выкарыстаць спецыяльныя сродкі.
Кіроўцам аказаўся 37-гадовы грамадзянін Беларусі, без правоў кіроўцы і пад уздзеяннем адурманьвальных сродкаў. У багажніку яго аўтамабіля паліцэйскія знайшлі наркотыкі.
Медыкі, якія абследавалі няўдачлівага кіроўцу, прыйшлі да высновы, што яму не патрэбная шпіталізацыя.